Помощь школьнику

За што рэпрэсіравалі аповесць Максіма Гарэцкага «Дзве душы»?

Аповесць «Дзве душы» была выдадзена ў Вільні асобным выданнем у 1919 г. Да гэтага друкавалася ў газеце «Беларуская думка» (чэрвень - ліпень 1919 г.). Пазней твор не перадрукоўваўся па ідэалагічных прычынах, а таксама па той прычыне, што аўтар яе быў у 1930 г. абвінавачаны ў нацыяналізме, высланы ў Вяцкі край і затым расстраляны. Прозвішча пісьменніка, як і яго творы, было надоўга выкраслена з літаратурнага працэсу. Толькі ў 60-я і пазнейшыя гады праўда перамагла, з'явілася першая невялікая манаграфія Д. Бугаева пра таленавітага пісьменніка. Хораша і грунтоўна расказаў пра спадчыну мастака раскрыў яе ўплыў на літаратуру Алесь Адамовіч у артыкуле «Браму скарбаў сваіх адчыняю... ». Перадрукаваны твор быў толькі ў 1990 г. ў пятым, дадатковым зборы твораў Гарэцкага, у перыяд дэмакратызацыі жыцця і развалу камуністычнай чыноўна-бюракратычнай сістэмы. Думаецца, што самая галоўная віна аўтара заключалася ў тым, што ён няправільна паказаў камуністаў-кіраўнікоў, вывеў вобраз не ідэальнага станоўчага героя, а героя адмоўнага.

У цэнтры аповесці не толькі інтэлігентны чалавек, афіцэр былой царскай арміі Ігнат Абдзіраловіч, што хоча самастойна разабрацца ў трагедыйных падзеях, без навязвання яму звонку чужой волі, але і Іван Карпавіч Гаршчок. Пра гэтага героя «Дзвюх душ» можна сказаць лаканічна - гэта прайдзісвет, якіх мала на зямлі. Былы селянін, ён уцякае ў горад, становіцца спачатку рабочым, затым царкоўным вартаўніком. I тут ён не сцерпеў, паквапіўся на царкоўную маёмасць, быў выгнаны з божага храма.

Пасля Гаршчок апынаецца на дне жыцця, дэкласаваным элементам, прапойцам, чалавечым пазаддзем. Гэтага чалавека без каранёў Кастрычнік узняў на грэбень хвалі: Карпавіч становіцца кіраўніком, лідэрам рэвалюцыйнага рухў раённага маштабу, едзе ўціхамірваць сялян, учыняе крывавую бойню. Лёс складваецца так, што і гіне ён не па-чалавечы, ад рук свайго хаўрусніка-белагвардзейца Гарэшкі. Астатнія персанажы аповесці (Абдзіраловіч, яго «малочны брат» рабочы піцерскага завода Васіль) адносяцца да «генератара» рэвалюцыйных ідэй вельмі непрыхільна, распазнаюць за рэвалюцыйнымі лозунгамі чалавеканенавісніка: «Яны, гэтакія, нейкім дзівам сумяшчаюць у душы сваёй найлепшы, здаецца, гуманізм і найгоршае, акажацца, чалавеканялюбства, хімію і алхімію, марксізм і хірамантыю і з аднолькавай шчырасцю вераць у тое і другое».

Максім Гарэцкі падае ў аповесці сімвалічны фінал: за галодных дзяцей бежанкі-палячкі клапоцяцца і Ігнат Абдзіраловіч, і Васіль, а непадалёку, побач, хаваюць Гаршчка пад «цяжкае» вухканне бубна, пры лозунгах «з грознымі напісамі». Так і пражыў жыццё гэты чалавек не з народам, не ў яго гушчыні, а недзе побач, каля яго, не прынёсшы абсалютна ніякай карысці. Аповесць не прызнавалася (а некаторымі даследчыкамі савецкай літаратуры не прызнаецца і зараз) па некалькіх прычынах. Прычына першая: аўтар пайшоў нетрадыцыйным шляхам адлюстравання рэвалюцыйных падзей - адмовіўся ад спрошчанага, схематычнага адлюстравання таго, што дзеялася ў свеце, па прынцыпе «хто не з намі - той наш вораг», і тым самым вызначыў у многім напрамак, якім пойдуць пазней у рускай літаратуры Міхаіл Булгакаў, Андрэй Платонаў, Яўгеній Замяцін, Барыс Пастарнак, часткова Міхаіл Зошчанка, у беларускай - Андрэй Мрый, Лукаш Калюга, часткова Кандрат Крапіва і Змітрок Бядуля ў незакончаных раманах «Мядзведзічы» і «Язэп Крушынскі», Язэп Пушча ў паэме «Цень консула» і вершах з кнігі «Песні на руінах» і інш. Гэтыя пісьменнікі стварылі антыутопіі, папярэдзілі чалавецтва, што яно займаецца небяспечнымі эксперыментамі.

Па-другое, як мне думаецца, Гарэцкі змог паказаць не толькі станоўчыя рысы характеру кіраўнікоў новага тыпу, якія прайшлі праз выпрабаванне франтамі грамадзянскай вайны, а і адмоўныя, што засведчылі антыгуманізм іх учынкаў, паступовы адрыў ад народа, маральную дэградацыю (падзенне). Пазнейшая літаратура прадоўжыць галерэю тыпаў, падобных Гаршчку і Жабіну (з апавядання таго ж Гарэцкага «Апостал»), пакажа сапраўдных пярэваратняў, людзей карыслівых і няшчырых, гатовых у імя кар'еры і самазахавання адмовіцца ад прозвішча бацькоў, прадаць іх, як некалі Юда прадаў Хрыста. Да такіх тыпаў можна аднесці і Віктара Лагізу з аповесці К. Чорнага «Смага», і актывістку, аратаршу на сходках Фаіну Кешнік з той самай аповесці, якая шкадуе, што дзеці сталі перашкодай у дасягненні высокага месца ў паслякастрычніцкай рэчаіснасці.

Самымі страшнымі нават сярод падобных хрыстапрадаўцаў аказваюцца Міколка Роўба - раённы партыйны начальнік, які наладжвае, нібы на ваўка, аблаву ў родных мясцінах, куды ўцёк высланец-бацька Хведар паміраць, на таго, хто падараваў яму жыццё, і Ягор Азёмаў, які едзе ў былую сваю вёску як партыйны актывіст і на вачах у маці і сястры разбівае жорны, праводзіць партыйную лінію ў жыццё (аповесці Быкава «Аблава» і «Сцюжа»). Чытаю трагедыйныя творы. Знаёмлюся з героямі, якія за ідэю могуць здрадзіць гуманістычным прынцыпам, усё літаральна прадаць, і думаю: якую ж смеласць павінен быў мець пісьменнік, каб заўважыць такіх герояў на пачатку сацыялістычнага будаўніцтва ў савецкай краіне! Якім празорлівым, дальнабачным быў пісьменнік, калі папярэджваў людзей, што з імі жывуць чалавеканенавіснікі Гаршчок і яго хаўруснікі!

Вядома, і з-за гэтай смеласці ды празорлівасці аповесць таксама магла быць забароненая. Аповесць маглі забараніць і за нетрадыцыйны сюжэт і канфлікт, пакладзены ў яе аснову. Справа ў тым, што аўтар адмовіўся ад стварэння чарговай эпапеі пра гераізм народа і яго кіраўнікоў у гады грамадзянскай вайны, а напісаў псіхалагічную аповесць, у цэнтры якой - герой-праўдашукальнік, сапраўдны інтэлігент, якому не па дарозе са злодзеямі і ашуканцамі, якія высокія пасады яны б ні займалі. Ігнат Абдзіраловіч, як і Коласаў Лабановіч, колькі жыве, усё спрабуе знайсці адказ на пытанне пра сэнс жыцця і сваю ўласную дарогу, свой адметны шлях.

Як мне здаецца, вось гэтыя асноўныя прычыны прывялі да забароны няўгоднага сталінскім уладам твора выдатнага беларускага пісьменніка. Як Максіма Гарэцкага не выкрасліш з літаратуры, бо ён - «зорка першай велічыні» на небасхіле яе, што ўзышла вельмі позна, але, узышоўшы, па-новаму яго асвятліла. Прыкладна так напісаў пра значэнне вялікага мастака і патрыёта свайго краю Алесь Адамовіч. I ён мае рацыю.

Як Гартаю старонкі ранніх апавяданняў, што склалі першую, яшчэ дарэвалюцыйную, кніжку прозы «Рунь». Перажываю разам з Лявонам Задумам і Клімам Шамоўскім, што народ пакуль яшчэ цёмны, забіты, несвядомы. Што ў жыцці людзей так многа бруду: і мыюцца ў чорнай лазні, і карыстаюцца брыдкімі словамі пры дзецях, і ў карты гуляюць доўгімі зімовымі вечарамі замест таго, каб чытаць кнігі. Усё ў гэтых людзей не так. Але заслуга пісьменніка заключаецца ў тым, што ён не вінаваціць людзей працы, што тыя апынуліся ў такім становішчы, не расчароўваецца ў іх і не стварае пародыю на іх, падобна таму, як гэта зрабіў рускі пісьменнік у аповесці «Вёска» («Деревня»). Як і наш Колас у сваёй «Новай зямлі», Гарэцкі заступаецца за пакрыўджаны і забіты народ. У аповесці «Ціхая плынь» (другая назва - «За што») ён паказвае дзіця вёскі Хомку, які свайго ніводнага спінжака не знасіў, ботаў уласных не меў, з малалецтва парабкаваў пад зубаскальства лепш апранутых ды прыбраных сынкоў заможных гаспадароў, на год раней быў узяты ў войска, падвучаны зубатычынамі салдацкаму ўмельству, апрануты ў шэры шынель і кінуты ў бой. I ў першым баі яго забіваюць!

«За што? » - прамаўляюць яго нецалаваныя юнацкія вусны. «За што?» - абураемся мы разам з пісьменнікам. «За што? « - нібы крычыць увесь свет - такая бяда на галаву маладога чалавека. Як Пісьменнік не ведае межаў, калі заступаецца ў сваіх творах за простага, звычайнага, часам адзінокага, бывае, і нямоглага чалавека. Пачытаем яго апавяданне «Знібее сэрца» паслякастрычніцкай пары. Пра што яно?.. Пра маленькую жанчыну на поўдні, у Кіславодску, каля гаючай крыніцы, так падобную на яго (аўтара апавядання) маці.

Яе штурхае натоўп. Не дапускае ў шыкоўную-гасцініцу швейцар у залатой ліўрэі. З яе нібыта ўвесь свет здзекуецца. Яна, магчыма, прыехала прасіць дапамогі ў сына ці дачкі, а тыя пагналі яе з свайго раскошнага пакоя ў шырокі, неабсяжны свет. Можа, яна проста просіць дапамогі, зняможаная, знясіленая. Але няма людзей, зацікаўленых яе лесам.

I сэрца аўтарава знібее, бо яна так падобная на яго маці.


Смотрите также:




Категории: Материалы по английскому

Комментарии: 0

Комментарии закрыты.