Помощь школьнику

Урбаністычная паэзія к. ХХ – пач. ХХІ стст

З 80-90-х гг. ХХ ст. у беларускай паэзіі пачынае актыўна распрацоўвацца урбаністычная тэматыка. Уласна кажучы, не кожны твор, дзе ўзгадваюцца гарадскія рэаліі, з’яўляецца урбаністычным. Прыкладам могуць служыць шматлікія вершы сучасных мастакоў слова, лірычны герой якіх, чалавек вясковага паходжання, пачувае сябе ў горадзе чужародным элементам, “сенам на асфальце”: Ты гэты горад не любіў ніколі, Бо шэры ён, як крушня ў полі, Дзе толькі, часам, груганы і вецер, Як мроі, пралятуць. (“Балада горада”, В. Шніп) Лірычныя творы прынцыпова іншага гучання прадстаўляе пакаленне аўтараў, якое нарадзілася сярод бетонных гмахаў і пакрытых асфальтам вуліц. У сваіх вершах яны імкнуцца ўвасобіць космас горада, апаэтызаваць яго культурныя традыцыі, раскрыць псіхалогію жыхароў. Нягледзячы на тое, што урбаністычная лірыка прадстаўлена вялікай колькасцю імёнаў (А. Глобус, Г. Булыка, І. Багдановіч, А. Разанаў, У. Някляеў, Л. Дранько-Майсюк, А. Мінкін, Л. Рублеўская, У. Сіўчыкаў, У. Сцяпан і інш. ), немэтазгодна адназначна сцвярджаць наяўнасць сфарміраванай плыні падобнага накірунку і ўсебаковае адлюстраванне гарадской тэмы ў сённяшняй паэзіі. Цяжкасці ў мастацкім асваенні гарадской прасторы сучаснымі творцамі абумоўлены найперш адсутнасцю (ці, дакладней, перарванасцю) нацыянальнай паэтычнай урбаністычнай традыцыі (М. Багдановіч – У. Жылка – А. Вярцінскі – М. Стральцоў).

Тым не менш аўтары к. ХХ – пач. ХІХ стст. дэманструюць даволі цікавыя і арыгінальныя падыходы ў раскрыцці згаданай тэмы. У пацверджанне выказанай думкі можна прывесці словы крытыка і літаратуразнаўцы, даследчыка спецыфікі пейзажнай лірыкі, А. Бельскага: “Гарадскі пейзаж у сучаснай паэзіі набывае прыкметную мастацкую шматпланавасць: ён вызначаецца разнастайнасцю эстэтычных характарыстык і прыкмет, прасторава-часавых станаў, форм руху і г. д. А гэта азначае, што паэты малююць горад у розныя поры года і сутак, у хвіліны разнастайных прыродных з’яў, паказваюць яго панарамна і зблізку, выбіраючы пэўную лакальную мясцовасць, куток гарадскога свету, увасабляюць пры гэтым розныя пачуццёвыя матывы”. Паказальнай у святле сказанага вышэй з’яўляецца вершатворчасць А. Глобуса (зборнікі “Парк” (1988) і “Скрыжаванне” (1993)). А. Глобус – майстар стварэння гарадскіх пейзажаў, якія ўспрымаюцца амаль візуальна.

Асноўнымі рысамі урбаністычнай лірыкі паэта выступаюць увага да прадметнасці, дэталізацыя, лаканізм, напаўненне малюнка атрыбутамі тэхнагеннай цывілізацыі (вершы “Меліярацыя”, “Белдзяржрэклама”, “Сталіца”, “Горад”, “Парк”, “19.30 – «Калыханка»” і інш. ). Сярод характэрных тропаў аўтара – паслядоўнае ўжыванне Метаметафары, якая прадугледжвае нечаканае сумяшчэнне прыроды і навукі, біялагічнага і механічнага: “паралонавыя аблокі”, “гумовакрылыя стрыжы”, “дзюралевае неба”, “кафельная чайка”, “верталётны рой” і інш. Каларыстыка лірычных твораў паэта вызначаецца экспрэсіўнасцю, нюансіроўкай адценняў, эфектам руху святла і ценю, сімвалічнай нагружанасцю фарбаў. Адметнай з’яўляецца і форма ўвасаблення паэтычнай думкі. Так, у А. Глобуса класічны жанр санета набывае новае зместавае напаўненне: Мне падабаецца: мікрараён – Жалезны дух у канструктыўным целе, Дзіцячы пляц і школьны стадыён... Мне падабаюцца шурпатыя панелі. Люблю метро, асветлены вагон І колы, што на грукат захварэлі.

Люблю, калі састаў бярэ разгон У доўгім, як працоўны дзень, тунелі. Мне да душы падмуркі ў катлаване, Абмазаныя ў чорную смалу. Мне да душы ісці па рыштаваннях На самы найвышэйшы дах. Люблю Убачыць на дарожным скрыжаванні Рассыпаную з кузава зямлю.

(“Сталіца”) Адносна якасці урбаністычнай лірыкі А. Глобуса ў крытыцы выказваліся розныя меркаванні. Так, Т. Чабан у стварэнні паэтам дэталёвых карцін гарадскіх краявідаў схільна бачыць апісальнасць, недасканаласць, павярхоўнасць, а большасць вершаў лічыць “замалёўкамі, эскізамі, нацюрмортамі, якія часам цешаць і дзівяць вока, але нічога не гавораць душы”. С. Кавалёў, адзначаючы знешнюю прастату і ўнутраную складанасць паэзіі А. Глобуса, падкрэслівае адметнасць творчага падыходу пісьменніка да першаматэрыялу: “... можна апісваць менавіта самі думкі і пачуцці ў іх гатовым выглядзе, ...

а можна «ствараць» сітуацыі, з’явы рэчы, якія гэтыя пачуцці выклікаюць, на іх ускласці ўвесь сэнсавы цяжар. ... Адам Глобус – прыхільнік другога спосабу”. Горад выступае натуральным асяродкам існавання лірычнага героя, таму мастацкія дэталі з’яўляюцца не толькі фонам, але і становяцца семіятычнымі (знакавымі) элементамі, апасродкавана адлюстроўваюць унутраны свет, псіхалогію персанажа. Гэта сведчыць пра спецыфічнае гарадское светаадчуванне, праявамі якога ў паэтычным стылі аўтара выступаюць адсутнасць вобраза чалавека, эмацыянальная стрыманасць, скупасць і ўскоснасць выяўлення пачуццяў. Напоўненасць гарадской прасторы рэчамі і прадметамі ўласціва і урбаністычнай лірыцы Г. Булыка (зборнікі “Сінтэз” (1986) і “Турмалін” (1994)).

Аднак, у адрозненне ад А. Глобуса, яе гарадскія краявіды не маюць дэкаратыўнай функцыі, а выяўляюць філасофскія пошукі паэткі. Плошча – шкло ветравое. Надзея шкляная. Летні лёд вітражоў. Заблуканы скразняк. І куды ён імкнецца?

Каго ён шукае? Не знаходзіць нідзе. Не сустрэне ніяк. (“Менскі скразняк”) Творчую манеру Г. Булыка ў такіх вершах характарызуе асацыятыўная вобразнасць, моцны рацыянальны пачатак, тэрміналагізацыя і тэхнізацыя тропаў. У поглядах паэткі на гарадскую рэчаіснасць важнае месца адводзіцца архітэктурна-гістарычнай і псіхалагічнай праекцыі.

Апошняя звязана з адчуваннем дваістасці, супярэчнасцей жыцця мегаполіса. Яшчэ ў большай ступені драматычныя калізіі урбанізаванага грамадства, цесна знітаваныя з нацыянальна-адраджэнскімі матывамі, праступаюць у паэзіі Л. Рублеўскай. У большай ступені гэта тычыцца першых зборнікаў аўтаркі – “Крокі па старых лесвіцах” (1990), “Адукацыя” (1990), “Замак месячнага сяйва” (1992). Успрымаючы горад гістарычна – цэнтрам духоўнасці, нацыянальнай культуры, захавання традыцый – аўтарка з горыччу канстатуе іншамоўнасць (“немату”), абыякавасць, адзіноту, бяспамяцтва як яго неад’емных атрыбутаў на мяжы тысячагоддзяў. Тым не менш шлях да адраджэння-выратавання краіны яна звязвае менавіта з гарадской прасторай. Арыгінальнасць урбаністычнай лірыцы Л. Дранько-Майсюка надае яе спалучэнне з любоўнай тэматыкай. Гарадскія пейзажы ў зборніках “Акропаль” (1994) і “Стомленасць Парыжам” (1995) выпісаны ў рамантычна-ўзнёслым ключы і, як правіла, маюць другаснае, службовае значэнне.

Паэт плённа выкарыстоўвае стылістычныя прыёмы мадэрнізму (і найперш імпрэсіянізму і сімвалізму), а таксама ў процівагу абагульненасці урбаністычных краявідаў большасці калег па пяру выкарыстоўвае прыём геаграфічнай канкрэтызацыі (“На вуліцы Сухой у змроку радасным... ”, “Калі званілі ў Кафедральным... ”, “Нам да Марыі Магдалены... ”, “Пра вуліцу Уманскага хто б ведаў...

” і інш. ): Мы йшлі далей, і колер фіялетавы Усё гусцеў і не рабіўся іншы, І на Тэатр музычнае камедыі Ляцелі фіялетавыя вішні. (“На вуліцы Сухой у змроку радасным... ”) Такім чынам, агульныя адметнасці сучаснай урбаністычнай лірыкі можна сфармуляваць словамі А. Бельскага: “... адыход ад традыцыйнай апісальнай выяўленчасці і рух да лаканічнасці, скандэнсаванасці, ёмістасці паэтычнай мовы, узмацнення асацыятыўнасці думкі, інтэлектуальнасці тэксту... інфармацыйна-дынамічны стыль пісьма”.

У апошнія дзесяцігоддзі прыкметна ўзрастае цікавасць беларускіх паэтаў да мастацкай спадчыны ўсходняй культуры. Сярод шматлікіх жанраў усходняй вершаванай мініяцюры (рубаі, туюг, газель, танка, хоку і інш.) найбольш часта айчыннымі мастакамі слова ўжываецца хоку (хайку). Гэта монастрафічны сілабічны нерыфмаваны трохрадковы верш у японскай паэзіі, які структурна з’яўляецца скарочанай формай танкі. У хоку строга захоўваецца пэўная колькасць складоў у радках: у першым і трэцім – пяць складоў, у другім – сем. У творах гэтага жанру звычайна размова ідзе пра якую-небудзь пару года. Так, класічныя кнігі хоку падзяляліся на чатыры раздзелы: зіма, вясна, лета, восень.

Меліся нават стандартныя “сезонныя” словы, якія ўмоўна абазначалі адну і тую ж пару года і ў вершах іншых раздзелаў не ўжываліся. Часцей за ўсё ў мініяцюры падаецца канкрэтная выява Рэальнага свету, якая не дапускае іншага вытлумачэння, шукання падвойнага сэнсу. Хаця, трэба зазначыць, сам верш можа быць і разгорнутай метафарай, значэнне якой заключана ў падтэксце. Хоку вучыць шукаць патаемнае хараство ў звычайным, незаўважным, простым, паўсядзённым.

Іншымі словамі, прапаноўвае па-новаму паглядзець на тую карціну, якую кожны бачыў дзесяткі разоў. Задачай гэтага жанру выступае адлюстраванне чалавека і прыроды ў іх арганічным адзінстве.


Смотрите также:




Категории: Материалы по английскому

Комментарии: 0

Комментарии закрыты.