Помощь школьнику

«У гэтым прыцемку трагічнае эпохі…» (пра кнігу П. Панчанкі «Высокі бераг»)

Сапраўднае мастацтва заўсёды супроцьстаяла рэзкаму і часам неабгрунтаванаму нічым ідэалагічнаму дыктату. Адсюль вынікаў трагедыйны пафас твораў Эўрыпіда і Сафокла, Шэкспіра і Дантэ, Аркадзя Куляшова і Максіма Танка, травесціраваны і знішчальны смех Рабле, Платонава, Мрыя, Панчанкі, Крапівы, Макаёнка. Дух пратэсту і незадаволенасці, што выліваўся ці ў роспач, ці ў востры смех, ці ў вынаходлівае парадзіраванне, «утвараў» цэлыя літаратурныя напрамкі (успомнім лёс рускага, беларускага і сусветнага рамантызму, сучаснага мадэрнізму і постмадэрнізму). Падобная скажам так, па-пратэстанцку настроеная да выпрацаваных грамадствам сацыяльных і маральных устояў, што стрымліваюць свабоднае і незалежнае развіццё асобы, літаратура часта забаранялася, не аналізавалася, лічылася непаўнацэннай, другараднай.

Дастаткова ўспомніць доўгае замоўчванне твора «Тутэйшыя», першага варыянта паэмы Якуба Коласа «Сымон-музыка», непрыхільнае стаўленне да аповесці Максіма Гарэцкага «Дзве душы» і г. д. Пімен Панчанка адносіцца да катэгорыі тых мастакоў, якія востра адчуваюць трагедыйнасць і разломнасць жыцця ў другой палове 20 стагоддзя і спяваюць пра боль, а не радасць, выкрываюць адмоўнае, грунтоўна ацэньваючы падзеі. Творчасць такіх аўтараў поўная кантрастнасці, светаценнасці, надзвычай дынамічная, палемічная. Гэтае сваё крэда паэт выказаў лаканічна і проста ў адным з артыкулаў з новага, што, на жаль, стаўся пасмяротным, зборніка «Высокі бераг»: «Сумленная літаратура заўсёды была пранізана болем свайго народа і свайго часу».

Панчанкаўскі боль усеабдымны, выразна акрэслены, узмоцнены рытмам, словам, гукапісам, тропамі, нечаканымі перападамі ад гучнага да ціхага прамаўлення, ад пранікнёнага лірызму ды ціхай спавядальнасці да высокай публіцыстычнасці. Адзначым у зборніку вершы, якія сведчаць, як і многія раней напісаныя, пра недавер паэта да зацяганых лозунгавых ісцін, бюракратыі, прасякнутыя змрочнымі фарбамі. У іх пераважае аратарска-публіцыстычная інтанацыя. Як вось у гэтым, бадай, ці не самым «злосным» з усіх, што надрукаваныя ў новым выданні: Мой родны край! Як мы жывём пагана: Што не пасеем мы - Усё сажруць.

Чыноўніцкія орды Чынгісхана З мільёнаў кабінетаў Пруць і пруць... Функцыянеры зноў у трубы дзьмуць: Век гуманізму... Міласэрнасці... Братэрства... А тысячы калек Кульгаюць без пратэзаў, I ў галаве - Хлусні бясконцай муць. («Абрыдла мне дзяржаўная палітыка...

» ) У зборніку вершаў і артыкулаў «Высокі бераг» ідэйная пазіцыя аўтара поўнасцю супроцьстаіць дагматызму, прыстасаванству, двурушніцтву і кар'ерызму. I хоць падобна Васілю Быкаву паэт не выкрывае таталітарную сістэму ў цэлым, абмяжоўваецца пошукамі ворагаў драбнейшага калібру - чыноўнікаў і кар'ерыстаў сярэдняга, зрэдзь - вышэйшага звяна [верш «Пакаянне. (Правадыры рознай пары)»], ды гэта не сведчыць ні пра большую лаяльнасць песняра да двудушнай улады, ні пра меншую яго грамадзянскую смеласць, а толькі пра тое, што лірыка як род літаратуры абмежаваная ў магчымасцях маштабнага адлюстравання рэчаіснасці.

Я і раней думала пра ўмение Панчанкі пераплаўляць публіцыстыку ў лірыку, ставіць побач патрыятычны лозунг і перажыванне, браць чыста палітычную матэрыю і ператвараць яе ў несумненна мастацкую рэчаіснасць. Мне заўсёды імпанавала ўменне Панчанкі пераадольваць абстрактную рыторыку, якой наша савецкая паэзія грашыла многія гады. Нарэшце, у кнізе «Высокі бераг» знайшла пацвярджэнне сваім думкам і назіранням падобнага характару. Так, ацэньваючы немалыя лірычныя набыткі свайго сябра Рыгора Барадуліна, аўтар «Высокага берага» піша ў адным з сваіх артыкулаў: «У апошнія гады паэт напісаў многа вершаў, паэм, у якіх ён пазбавіўся палітызацыі і публіцыстычнасці (якімі многа грашылі некаторыя паэты, у тым ліку і я)». З цытаты вынікае, што таленавіты майстар ведае, як лёгка можна пераступіць мяжу, што аддзяляе рыторыку і лозунгавасць ад сапраўднай паэзіі. Пімен Панчанка, як і наша сучасная беларуская паэзія ў цэлым, абавязкова дадае да рэальнасці новыя рысы, ператварае яе ў новую, ужо мастацкую, прыгожую, досыць гарманічную рэчаіснасць.

Эфекту сапраўднай «мастацкасці», думаецца, ён дасягае рознымі спосабамі ў розных вершах. Так, напрыклад, у вершы «Арыфметыка» публіцыстычная ідэя - пра вечны прыгон працоўнага чалавека ва ўмовах існавання камандна-адміністрацыйнай сістэмы - выяўлена адкрыта, «мітынгова»: Так нас абдурылі, абдурачылі Лектары, дакладчыкі, дарадчыкі - Мы глядзелі і зусім не бачылі, Як сяляне нашы век батрачылі I глынулі гора цераз край. Мастацкі эфект у гэтым і да яго падобных творах дасягаецца толькі сродкамі паэтычнага сінтаксісу - паўторамі, чаргаваннем доўгіх і кароткіх радкоў, якія падчас складаюцца з аднаго кароткага слова-выгуку, размоўнасцю і даверлівасцю інтанацыі: Колькі захрыбетнікаў кастрычнікам Змецена было у нас? Мільён!

У вершах «На апошняй вярсце», «Наш час», «Горкія думкі», «У стылі рок», «Чорныя дзіркі» і некаторых іншых абстрактны пачатак саступае месца канкрэтным, прадметным малюнкам. Рыторыка, лозунгавасць у названых творах з'яўляюцца не нейкімі аўтаномнымі, самастойнымі адзінкамі, а своеасаблівым цэментам, які злучае ў непадзельную цэласнасць прадметныя рэаліі, замалёўкі. У такіх творах выразней раскрываецца аўтар як асоба, а паэт ператвараецца з аратара, публіцыста ў філосафа, які мудра ацэньвае ўсё, што робіцца на нашай грэшнай зямлі: На радзіму ім пляваць, Пальцы душаць кволага.

Грошы, грошы - Маць, прамаць! Ветэраны - ворагі. («Наш час») I, нарэшце, з'яўляюцца ў паэта і вершы трэцяга парадку, не абстрактна-разважлівыя, агульна-рытарычныя, а маналагічна-спавядальныя, сумныя і журботныя, у якіх голас аўтара цішэе, спакайнее, адычная інтанацыя саступае месца элегічнай. Гэтыя вершы я назвала б вершамі шчырасці і даверлівасці.

У ліку такіх твораў вершы «Беларускія настаўніцы», «Эпітафія», «Я цяжка захварэў... », «Чайкоўскі: першы канцэрт для скрыпкі з аркестрам», «На апошняй вярсце», «Была вайна... », «Жыццё» і іншыя. Іх, многа, як і ў ранейшых зборніках паэта. Яны самыя асабістыя і прачулыя, інтымна-камерныя: Да роднай зямлі я Душою і сэрцам прыкуты, Куваюць зязюлі, Клякочуць буслы на маёй Беларусі. Ты радасць мая, Беларусь, Ты гора маё і пакута, I ад цябе я ніколі Не адцураюся, Не адракуся!

(«Не адцураюся, не адракуся» ) Пімен Панчанка ў сваёй паэзіі, як і Васіль Быкаў у прозе, - майстар непрымірыма-бескампраміснага, публіцыстычна-завостранага мастацтва, пясняр горкіх ісцін, які кінуў выклік бюракратычнай сістэме, што арыентавала народ на сляпое падпарадкаванне догмам, паказаў двайное дно грамадства, дзе ў імя утапічных ідэалаў нішчылася і нішчыцца ўсё святое, спрадвечнае. Другая частка кнігі «Высокі бераг» складаецца з эсэ, успамінаў пра даваенныя дарогі і ваенныя паходы, якія зацікавяць усіх, хто хоча глыбей дазнацца пра літаратурны працэс той пары. Кніга Пімена Панчанкі «Высокі бераг» - праўдзівы мастацкі дакумент драматычнай эпохі, што поўніцца жаданнем яе аўтара абараніць народ ад жудаснай бяды і ўсеагульнага разбурэння. Учытаемся ў заключныя радкі верша «Беларускія настаўніцы» і пастараемся сэрцам адчуць, наколькі актыўны паэт у сваім заступніцтве за Чалавека: Таварышы начальнікі, Павышайце настаўнікам стаўкі, Будуйце ім катэджы I не чытайце натацый: Калі мы страцім беларускіх настаўніц - Знікне і ўся беларуская нацыя. Як добра і пранікнёна сказана!

Чытаючы такое, пранікаешся сапраўднай любоўю і да аўтара падобных радкоў, і да тых, пра каго яны напісаныя. Такому паэту верыш. Пра такіх гавораць: «Ён наш! ».


Смотрите также:




Категории: Материалы по английскому

Комментарии: 0

Комментарии закрыты.