Помощь школьнику

Сучасная пейзажная лірыка

Пры разглядзе такога віду паэзіі, як пейзажная, найперш паўстае пытанне аб суадносінах тэрмінаў “прыродаапісальная” і “пейзажная” лірыка. Паняцці пейзажу і прыроды ў літаратуразнаўчым ужытку трэба размяжоўваць. Пейзаж, у адрозненне ад інтэр’еру, г. зн. апісання ўнутраных памяшканняў, – шырокае паняцце, што падразумявае адлюстраванне любой незамкнёнай прасторы, у якую могуць ўключацца як прыродныя аб’екты, так і вобразы рэчаў, створаных чалавекам. Пейзаж і інтэр’ер у сукупнасці якраз і ўтвараюць знешнюю ў адносінах да чалавека мастацкую рэчаіснасць тэксту. Такім чынам, у літаратуразнаўстве паняцце “прырода” ўваходзіць у семантычную сферу тэрміна “пейзаж” ў якасці яе элемента, структурнай часткі.

Літаратурны пейзаж мае разгалінаваную Тыпалогію. У залежнасці ад прадмета, фактуры апісання адрозніваюць дзікі і культурны; гарадскі (урбаністычны) і вясковы; лясны, стэпавы, марскі, горны, экзатычны і іншыя віды пезажаў. Пры гэтым ў мастацкім тэксце апісанне прыроды рэдка бывае пейзажам увогуле. Як правіла, ён мае Нацыянальныя адметнасці, выяўляе патрыятычныя пачуцці.

Нацыянальная своеасаблівасць праяўляецца і ў выкарыстанні пейзажных вобразаў у літаратурным партрэце, асабліва ў творах вуснай народнай паэзіі. Напрыклад, калі для ўсходняй паэзіі характэрна прыпадабненне прыгажуні да поўні, месяца, то для паўночных народаў вобразам для абазначэння хараства жанчыны выступае сонца. Лірычны пейзажны твор уяўляе сабой карціну, прычым, па словах В. Бялінскага, галоўнае ў ім “не сама карціна, а пачуццё, якое яна выклікае ў нас”. Таму ў прыродаапісальнай паэзіі пейзаж, як правіла, экспрэсіўны і адухоўлены, а таксама часта суаднесены з унутраным светам чалавека шляхам алегорыі, псіхалагічнага паралелізму і іншых сродкаў. У імпрэсіянізме ўвогуле ствараецца так званы “пейзаж душы”, калі паміж з’явамі прыроды і эмацыянальным станам асобы не існуе прынцыповай розніцы. Функцыі пейзажу ў мастацкім тэксце даволі разнастайныя, і ў межах аднаго твора апісанне прыроды часта поліфункцыянальнае.

У лірыцы гэта 1) Форма псіхалагізму, якая перадае ўнутраны стан лірычнага героя або стварае пэўны эмацыйны фон, псіхалагічны настрой для ўспрыняцця тэксту; 2) прырода выступае аб’ектам філасофскай рэфлексіі, праз яе аўтар даносіць уласную канцэпцыю быцця; 3) Сюжэтабудаўнічая функцыя, якая праяўляецца ў жанрах букалічнай паэзіі (ідыліі, эклогі, пастаралі) з яе паказам ціхамірнага жыцця на ўлонні прыроды. Радзей у апавядальнай лірыцы ці ліра-эпіцы рэалізуецца Функцыя сюжэтнай матывіроўкі. Сюжэтная матывіроўка прадугледжвае рэзкую змену падзей, абумоўленасць ходу дзеяння метэрэалагічнымі абставінамі (бура, навальніца, завіруха), што больш выразна праступае ў эпасе ці драме. У лірыцы па прычыне неразвітасці сюжэту гэтая функцыя не працуе ў поўнай меры. 4) Абазначэнне месца і часу дзеяння: праз пейзаж чытач можа ўявіць сабе, дзе адбываюцца падзеі (у лесе, горадзе, на рацэ і інш. ) і калі гэта адбываецца (час сутак, пара года). 5) Пейзаж як форма прысутнасці аўтара, апасродкаванае выражэнне сваіх поглядаў праз актыўнасць вобраза прыроды.

У адрозненне ад псіхалагічнай функцыі тут пейзаж выступае героем, пэўным чынам рэагуе на сітуацыю. У большай ступені такая функцыя ўласціва публіцыстычнай, экалагічнай лірыцы. 6) пейзажныя вобразы выступаюць Будаўнічым матэрыялам для стварэння тропаў: метафар, эпітэтаў, параўнанняў, сімвалаў і інш. Як ужо зазначалася вышэй, у канкрэтным лірычным творы пейзаж выконвае некалькі функцый.

Да прыкладу, у вершы І. Пракаповіча “Я іду дарогай да вяршыні горнай... ” прырода выступае формай псіхалагізму і адначасова ўказвае на час і месца дзеяння. Я іду дарогай да вяршыні горнай, – На дарожных знаках – колер фарбы чорнай. Над дарогай нізка сівы лунь лятае, Нейкія праклёны мне ён намаўляе. Нейкую трывогу шэпча ліст у лесе, І змяя чамусьці на дарогу лезе. На суку дубовым сойка песню вяжа.

Не хачу і слухаць – праўды не раскажа. Над дарогай голле хіляць вербалозы. На галінках росы, як чыесьці слёзы. Сімволіка пейзажу надзвычай складаная.

Калі паэт свядома выкарыстоўвае універсальныя, традыцыйныя, а не выпадковыя сімвалы, то ў іх інтэрпрэтацыі неабходнымі ўмовамі становяцца наступныя: адрозненне паміж дамінантнымі і выпадковымі кампанентамі; сімвалізм узроўню (нармальны, ніжэйшы, вышэйшы); від паверхні (масіўная, пакатая і інш. ); сімвалізм арыенціроўкі (месцазнаходжанне другарадных элементаў адносна восей гарызонта); пазіцыйнае месцазнаходжанне пейзажнага малюнка адносна ўсёй выявы; натуральныя і штучныя элементы; дамінаванне колеру ці дысгармонія колераў; урадлівасць ці неўрадлівасць; яркасць – цемра; парадак – хаос і інш. Так, паводле слоўніка сімвалаў Х. Э.Керлота, нізкаразмешчаныя прадметы могуць мець тры значэнні ў залежнасці ад кантэксту: грэхападзенне і пекла, грунтоўнасць, мацярынства. Стромкасць, круча паверхні, згодна са “Слоўнікам сімвалаў”, сімвалізуе прымітыўнасць і дэградацыю. Роўная паверхня – апакаліптычны канец, імкненне да ўлады і смерці.

Схільнасць пісьменніка да касмічных пейзажаў указвае на сексуальны падтэкст і інш. Шырокі дыяпазон Вобразна-выяўленчай сістэмы пейзажнай лірыкі ахоплівае мікравобразы (травінка, кветка, дрэва і інш.), вялікія прыродныя аб’екты (лес, луг, рака і інш. ) і касмічныя вобразы (сонца, поўня, зоркі, мора, неба, аблокі, пустэльня і інш.). Важнае месца ў аналізе пейзажнага твора належыць разгляду колеравай гамы, гукавых эфектаў, дэкарацыі рэчаіснасці пры дапамозе святла і ценяў. Як правіла, сучасныя паэты ствараюць вершы, прысвечаныя роднай прыродзе, у традыцыйных жанрах, пераважна ў межах звыклай сілаба-танічнай сістэмы. Аднак у шэрагу выпадкаў пейзажныя замалёўкі набываюць верлібрызаваную форму. Так, у прыродаапісальным вершы “Сам-насам” Ю. Голуба назіраецца раскаванасць рытмікі і адсутнасць рыфмаў.

Знікла раптоўна З жыта Касынка валошкі. Дажджы гвалтам Заглушылі Голас зязюлі. І патанулі зоры Ў чорным прадонні Неба. Заплюшчваю вочы І чую: Восень гартае Каляндар адзіноты. За доўгі час свайго існавання пейзажная лірыка выпрацавала ўласную Жанравую сістэму. Патрабаванню абавязковага ўвасаблення прыродна-геаграфічнай панарамы падпарадкоўваюцца многія жанры антычнай паэзіі (буколіка, эклога, пастараль, ідылія), усходняй лірыкі (хоку, танка), а таксама класічнага вершапісання (акварэль, замалёўка, эцюд (эскіз) і інш.). Пры гэтым неабходна зазначыць, што першапачаткова прызначаныя для адлюстравання ландшафтных краявідаў паэтычныя формы і жанры ў працэсе развіцця вербальнага мастацтва пашырылі сферу свайго выкарыстання і на сённяшнім этапе часта ўжываюцца і ў іншых відах лірыкі. Да прыкладу, абранне паэтам жанру ідыліі для паказу сацыяльна-палітычных арыентацый напаўняе змест твора грамадзянскім пафасам; хоку і танка аднолькава запатрабаваны інтымнай і філасофскай паэзіяй і г. д. Сённяшняя пейзажная паэзія, прадстаўленая вялікай колькасцю імёнаў і твораў, характарызуецца элегічнасцю гучання і драматычнасцю малюнкаў, выкліканых вынікамі парушэння раўнавагі паміж соцыумам і прыродай; рэдукцыяй пейзажных матываў у творах мадэрнісцкага і постмадэрнісцкага кірункаў; перавагай традыцыйных сілаба-танічных форм ва ўвасабленні родных краявідаў; актывізацыяй форм усходняй вершаванай мініяцюры; пашырэннем урбаністычных матываў.

Не менш выразна назіраецца тэндэнцыя збліжэння прыродаапісальнай паэзіі з іншымі відамі лірыкі, у сувязі з чым у ёй вылучаюцца некалькі зместава-стылёвых плыней: 1) Уласна прыродаапісальная. Такія вершы народжаны любаваннем краявідамі роднай ці замежнай краіны (прыроднымі, вясковымі, гарадскімі), эстэтычным ракурсам успрымання навакольнай рэчаіснасці. Зазначым, што прыродаапісальныя вершы ёсць у творчым арсенале амаль кожнага паэта. Нярэдка ў іх прысутнічаюць і міфалагічна ўвасобленыя сілы прыроды.

Да прыкладу, тонкі малюнак летняга вечару, захаду сонца здолеў стварыць А. Дэбіш. Вечарэе. Стомленыя хмары Гурбамі ляцяць на вадапой, Каб у пешчах цеплыні і пары Адшукаць да раніцы спакой. Ловяць мошак ластаўкі і злёту У хмызняк ныраюць па чарзе. Злоўленае сеткаю чароту Сонца б’ецца рыбай на вадзе. 2) Пейзажна-патрыятычная. У падобных творах паэтызуецца не толькі непаўторнае хараство беларускай прыроды, але і выяўляецца пачуццё любові і гонару за сваю радзіму.

Творы з падобным пафасам прадстаўляюць Р. Барадулін, Г. Бураўкін, К. Камейша, В. Гардзей, А. Пісьмянкоў, Л. Галубовіч, М. Скобла, Э. Акулін і інш. 3) Пейзажна-публіцыстычная.


Смотрите также:




Категории: Материалы по английскому

Комментарии: 0

Комментарии закрыты.