Помощь школьнику

Сучасная культурная сітуацыя: постмадэрнізм і авангард

Постмадэрнізм – надзвычай цікавае і разам з тым цьмянае паняцце. Складанасць яго азначэння найперш палягае ў тым, што ў сучаснай літаратуразнаўчай навуцы адсутнічае адзіны падыход да асэнсавання гэтай з’явы. Іншымі словамі, актуальным падаецца пытанне аб вытлумачэнні постмадэрнізму як арыгінальнага тыпу светаўспрымання, літаратурнага накірунку ці мастацкага стылю. Справа ўскладняецца той акалічнасцю, што ў айчынным вербальным мастацтве, і найперш вершатворчасці, “чыстых” постмадэрнісцкіх твораў амаль не сустракаецца. Мае месца хутчэй больш ці менш паслядоўнае выкарыстанне прыёмаў эстэтыкі і пастулатаў філасофіі “пост” і арганічнае спалучэнне іх з рысамі авангардна-мадэрнісцкага эстэтычнага дыскурсу. Таму неабходна выразна размяжоўваць змест названых паняццяў, якія паводле пэўных мастацка-філасофскіх крытэрыяў могуць выступаць нават супрацьлеглымі, палярнымі. Так, калі пошукі мадэрністамі прынцыпова новых выяўленчых магчымасцей грунтаваліся на прынцыпе “ўсё наперадзе”, то постмадэрністы абвяшчаюць вычарпанасць літаратуры, у якой ужо ўсё створана, напісана; іх дэвізам становіцца фраза “ўсё скончана”.

Адпаведна гэтаму мадэрністы ствараюць альтэрнатыву, адмяжоўваюцца ад класічнай традыцыі, супрацьстаяць ёй, у той час як постмадэрністы, імкнучыся актуалізаваць мінулае, свядома звяртаюцца да літаратурнай спадчыны як да асноўнай крыніцы вобразаў, матываў, сюжэтаў. Згаданая інтэртэкстуальнасць вымагае ад аўтара шырокай эрудыцыі і глыбокай дасведчанасці, абазнанасці ў гісторыі сусветнай культуры. Гэтую адметнасць трапна агучыў беларускі даследчык філасофіі мастацтва М. Шчур: “... у адрозьненьне ад мадэрнізму, які ёсьць мастацтвам хуліганаў і недавучак, постмадэрнізм ёсьць мастацтвам зубрылаў”. Арыентацыя постмадэрністаў на назапашаны стагоддзямі літаратурны досвед звязана з сакралізацыяй і фетышызацыяй імі тэксту, разуменне яго як мэты, насуперак творцам авангардна-мадэрніскага кірунку, якія ўспрымаюць тэкст у якасці сродку.

Адмаўленне мадэрністамі ўсіх папярэдніх мастацка-эстэтычных стыляў і напрамкаў кантрастуе з іх раўнапраўнасцю, парытэтнасцю, дэклараванай постмадэрнізмам. Пры гэтым з агульнага спісу не выключаецца і сацыялістычны рэалізм, своеасаблівай рэакцыяй на які даследчыкі тлумачаць узнікненне твораў постмадэрнісцкага характару ў нашай краіне. Авангард і постмадэрнізм рэпрэзентуюць розныя формы мадыфікацыі асобы творцы і чытача.

Калі першы кірунак характарызуецца гранічнай суб’ектыўнасцю, падкрэсленай роляй аўтара, а чытача бачыць пасіўным / варожым рэцыпіентам, то другі абвяшчае “смерць аўтара”, самавольства чытача, саўдзел яго ў творчым акце. Акрамя таго, авангардная літаратура, як правіла, разлічана на сярэднестатыстычную аўдыторыю, а спецыфіка постмадэрнісцкай эстэтыкі прадугледжвае ўсеагульную ўвагу, спалучэнне масавасці і элітарнасці, стварэнне тэксту, што зацікавіць чытача любога ўзроўню і адукацыі. Нарэшце, мадэрнізм і постмадэрнізм абапіраюцца на супрацьлеглыя эстэтычныя мадэлі – адпаведна дрэва і рызомы. Семантычная фігура Дрэва прадугледжвае ўпарадкаванасць, арганізацыю, іерархічнасць Космасу, выступае вертыкальнай мадэллю свету, падначаленай ідэі цэнтрацыі і ацэнкі праяў рэчаіснасці праз бінарныя апазіцыі. Рызома, метафарычным азначэннем якой выступае трава, у найбольш агульным выглядзе ўяўляе сабой патэнцыйную бясконцасць варыянтаў развіцця і інтэрпрэтацыі тэксту, яго крэатыўную рухомасць, самаарганізацыю пры захаванні мастацкай цэласнасці.

Такім чынам, на сучасным этапе неабходна канстатаваць арганічнае суіснаванне і ўзаемапранікненне мастацкіх сістэм авангарду і постмадэрнізму, якое выяўляецца не толькі ў маштабах творчасці канкрэтнага аўтара, але і ў межах адной мастацкай адзінкі. Гэта лішні раз пацвярджае думку пра нелінейнасць развіцця літаратуры, адсутнасць строгага парадку ў змене мастацкіх кірункаў, метадаў, стылей, якія маюць здольнасць “вяртацца”, актуалізавацца ў іншым часе і прасторы. Адсюль вынікае і той факт, што ні постмадэрнізм, ні авангард не могуць мець гістарычнай канкрэтыкі, узнікнуць і функцыянаваць у пэўны перыяд, строга прывязвяцца да дакладна вызначанай эпохі. Такая акалічнасць дазваляе даследчыкам (яшчэ ад тэарэтыка і практыка постмадэрнізму У. Эка) сцвярджаць наяўнасць тэкстаў постмадэрнісцкага характару ў гісторыі літаратуры мінулых стагоддзяў. Так, М. Тычына першымі беларускімі постмадэрністамі называе Ф. Скарыну і М. Гусоўскага, спасылаючыся на поліцытатнасць іх твораў.

С. Балахонаў, абапіраючыся найперш на адметны парадыйна-іранічны пафас тэкстаў, знаходзіць выразныя элементы постмадэрнісцкага пісьма ў некаторых творах Сімяона Полацкага, Я. Баршчэўскага, Ф. Багушэвіча, В. Ластоўскага, У. Караткевіча і інш. З другога боку, сказанае вышэй указвае на прыярытэтнае меркаванне літаратуразнаўцаў пра постмадэрнізм як пра тып светаадчування ці культурную сітуацыю і неправамернасць яго атаясамлівання з літаратурным кірункам ці іх сукупнасцю. Гаворачы словамі С. Балахонава, “кожная эпоха мае свой постмадэрнізм”. Уласна кажучы, тэрмін “постмадэрнізм” упершыню быў выкарыстаны ў 1917 г. у кнізе Р. Ранвіца “Крызіс еўрапейскай культуры”, аднак сённяшняе значэнне замацавалася за ім толькі ў 1959 г. Гэта, распаўсюджаная на ўсе віды дзейнасці, з’ява грунтуецца на канцэпцыях постфіласофіі і мае адметную эстэтыку. Важнейшымі прыкметамі постмадэрнісцкага тэксту з’яўляюцца наступныя.

1. Інтэртэкстуальнасць – выкарыстанне літаратурнай спадчыны ў якасці крыніцы сюжэтаў, калізій, вобразаў, матываў. Іншымі словамі, постмадэрнісцкая літаратура ў якасці аб’екта адлюстравання абірае не рэальнасць (аб’ектыўную ці суб’ектыўную), а самую сябе. Класічны(я) твор(ы) падлягае дэканструкцыі – перараскладанню на першаэлементы і далейшаму іх пераўтварэнню.

Яўныя ці прыхаваныя цытаты пры іх угадванні, пазнаванні чытачом выступаюць семіятычнымі (знакавымі) элементамі і набываюць новыя інтэрпрэтацыі. Такая стылёвая адметнасць грунтуецца на адным з асноўных пастулатаў тэорыі постмадэрнізму – “свет як тэкст”. 2. Пераасэнсаванне класічных тэкстаў адбываецца ў плоскасці спецыфічнага тыпу парадзіравання і іранізавання, так званага Пастыша. Галоўныя яго адрозненні ад традыцыйнай пародыі ў полівалентнасці і эмацыйнай нейтральнасці, у адсутнасці энергіі адмаўлення і пафаса сцвярджэння. Гэты адметны тып іроніі ўнікае дыдактычнай устаноўкі і не падразумявае прапанову станоўчай альтэрнатывы аб’екту травесційнага “зазямлення”. У адносінах да пастыша можна гаварыць аб квазі-парадыйным эфекце, калі кожны з “тэкстуальных светаў” у межах твора “іранічна пераадольвае” (Ч. Джэнкс) усе іншыя і, у сваю чаргу, “іранічна пераадольваецца” кожным з іх. Пры гэтым ніводнаму не аддаецца аксіялагічны (каштоўнасны) прыярытэт. Увогуле, усёпранікальная Іронія – нязменны, канстантны кампанент кожнага постмадэрнісцкага твора.

3. Прынцыповая Эклектычнасць, фрагментарнасць, мазаічнасць, калажнасць тэксту, спалучэнне ў яго межах “нізкіх” і “высокіх” жанраў звязана з постмадэрнісцкім канцэптам “свет як хаос”. З апошнім звязана і “постмадэрнісцкая чуйнасць” – адметнасць светаадчування, якая ўтрымлівае ўстаноўку на ўспрыманне рэальнасці як хаатычна-семіятычнай (знакавай). Не менш важным становіцца Полістылістычнасць – камбінаванне розных мастацкіх кодаў (стылей, манер) як раўнапраўных. 4. Гэта абумоўлівае і Шматузроўневасць Арганізацыі, шмаслойнасць постмадэрнісцкага твора. Спалучэнне займальнасці і інтэлектуальнасці разлічана на масавага і элітарнага чытача адначасова.

Лёгкасць успрымання рэцыпіентам тэксту на першым узроўні карэлюе з патрэбай разумовых высілкаў для дэшыфроўкі складаных сімвалаў і “кодаў” на другім узроўні. Такі твор С. Балахонаў дасціпна параўнаў з тортам, “які смачны для ўсіх, але толькі некаторыя, зьеўшы кавалачак, могуць пасьля назваць усе ягоныя складнікі”. 5. Эпатаж як мэта і сродак творчасці прыводзіць да рэабілітацыі ранейшых эстэтычных і маральных табу. Павышаная цікавасць да агіднага, забароненага, агрэсіўнага, брутальнага, маргінальнага, цёмнага тлумачыцца важнасцю асэнсавання таго, што ўяўляе небяспеку для чалавецтва, пагражае яму знікненнем або, наадварот, утрымлівае ў сабе шматабяцальныя перспектывы. 6. Абсалютызацыя такога тыпу дзейнасці, як Гульня: гульня ў тэкст, гульня з тэкстам, гульня з чытачом, тэатралізацыя тэксту, карнавалізацыя. У постмадэрнісцкім творы могуць спалучацца (супадаць) рэальнае і віртуальнае, розныя часавыя пласты, мастацтва і рэчаіснасць.

Часта адбываецца выхад па-за межы тэксту ў сферу акцыі, перфоменса, хэпенінга. 7. Адмаўленне ад жанравай нарматыўнасці, што прыводзіць да стварэння новых гібрыдных літаратурных форм, а таксама тэкстаў на мяжы літаратуры і іншых навук: культуралогіі, сацыялогіі, філасофіі, псіхааналізу, літаратуразнаўства і інш. Гэта спрыяе росквіту традыцыйна перыферыйных жанраў: эсэ, трактата, рэцэнзіі, слоўніка, каментара і інш.


Смотрите также:




Категории: Материалы по английскому

Комментарии: 0

Комментарии закрыты.