Помощь школьнику

Рэцэпцыя спадчыны французскіх мадэрністаў у любоўнай лірыцы Л. Дранько-Майсюка

У творчай самаідэнтыфікацыі Л. Дранько-Майсюка зыходным пунктам выступае эстэтыка французскага мадэрнізму. Аднак прамое і свядомае пераасэнсаванне ім творчых набыткаў “выклятых” паэтаў (П. Верлена, А. Рэмбо, С. Малармэ) абмяжоўваецца пераважна стылёвым узроўнем. Віртуозна валодаючы палітрай фарбаў, айчынны мастак слова ўслед за П. Верленам з дапамогай нюансаў, паўтонаў стварае запамінальныя імпрэсіяністычныя малюнкі, у якіх плённа выкарыстоўвае эфект пленэрнасці, няпэўнасць, неакрэсленасць формы, нюансіроўку колераў, ужыванне дзеясловаў са статычным значэннем: “Святло, выявіўшы сваю дамінанту, змякчыла абрысы дрэў, будынкаў, людзей. Краявід займеў сцішаныя лініі, далікатнае віёльнае гучанне. Цені зрабіліся каляровымі, пад лёгкім ветрам яны шамацелі, нібыта крэпдэшын. Залаціста-блакітнае паступова сыходзіла ў аднатонна сінюю далеч”.

Калі ў першых зборніках Л. Дранько-Майсюка колеры не маюць выразнай сімвалічнай функцыі, а ўжываюцца пераважна ў сваіх прамых, канкрэтных значэннях, то пазней, у прысвечаных чароўнай А. кнігах “Акропаль” і “Стомленасць Парыжам” фарбам часта надаецца знакавы і сімвалічны характар. Каханнем спароджана і сенсорная унікальнасць лірычнага героя, суб’ектыўнае ўспрыманне прадметаў праз чужародныя, звычайна не ўласцівыя ім адценні спектра, што нагружае вобраз дадатковым сімвалічным значэннем (Сіні пясок, чырвоны кот, рудая ноч, мядовае змярканне). Наўмысная неадпаведнасць колеравых асацыяцый ёсць сіметрычная з’ява для ўсіх “выклятых” паэтаў. Аднак у большай ступені падобны прыём знайшоў сваё ўвасабленне ў творчасці А. Рэмбо. Яго Фіялетавае лісце, зялёныя вусны, белы захад, ружовы і аранжавы пясок разлічаны пераважна на пошук эмацыянальнага або інтуітыўнага ключа, не паддаючыся разумоваму спасціжэнню, рацыянальнаму аналізу.

Як і французскія мадэрністы, сучасны аўтар плённа выкарыстоўвае прыём Сінестэзіі, заснаваны на сумарнасці рознага кшталту светаадчуванняў, наданні слыхавым эфектам візуальных характарыстык, дотыкавым працэсам – акустычных якасцей, на матэрыялізацыі водару, смаку і г. д. Таму ўспрымаецца заканамернасцю тое, што ўслед за Кветкавай цішынёй, малінавым смехам, духмянымі зоркамі С. Малармэ ў творах сучаснага мастака слова з’яўляюцца Бяздонны шум, сіні ластаўчын ускрык, шматколерная цішыня, сухое святло, звонкая сукенка, а цудоўная А. здольная Абдымаць каханага Голасам, у якім квітнеюць астры. Названыя праявы сенсорнай унікальнасці ва ўсіх чатырох паэтаў служаць агульнай мэце, лаканічна сфармуляванай А. Рэмбо праз патрабаванне-параду стварыць “такую поэзию, которая когда-нибудь станет доступной для всех пяти чувств”. Акрамя таго, ці не самым цікавым аспектам каларыстыкі Л. Дранько-Майсюка з’яўляецца тонкае, магчыма, падсвядомае, адчуванне ім гука-колеравых аналогій, што ўзмацняе эмацыянальна-псіхалагічнае ўздзеянне верша на чытача. Навукова агбрунтаваная сучасным рускім літаратуразнаўцам А. Жураўлёвым латэнтная здольнасць галосных гукаў ствараць пэўныя аптычныя эфекты, так званы эфект “колерагуку”, заснаваны на заўважанай яшчэ паэтамі-сімвалістамі арганічнай сувязі паміж зрокавым і слыхавым кампанентамі тэксту.

Не менш выразна праступае і трывалае засваенне айчынным мастаком версіфікацыйнай тэхнікі і прыёмаў кампазіцыйнай будовы твораў П. Верлена і С. Малармэ (таўталогіі, семантычна-сімвалічнай падтрымкі элементаў тэксту, асацыятыўнай ланцуговасці). Так, з мэтай узмацнення ўражання, стварэння патрэбнага настрою Бедны Леліян часам свядома нагрувашчвае аднакаранёвыя ці нават аднолькавыя словы. Невыпадкова гэтую асаблівасць пісьма імкнуцца захаваць амаль усе перакладчыкі П. Верлена: “Душе грустнее и грустней – // Моя душа грустит о ней” (пер. А. Гелескула); “Душе какие Муки, Муки // Быть с нею, с нею быть в разлуке! ” (пер. Ф. Салагуба).

Прынцып бесперапыннага ланцуга думак, “вязі слоў” уласцівы творчасці С. Малармэ. У такіх вершах французскі паэт адмаўляецца ад знакаў прыпынку, тым самым дазваляючы чытачу самому вар’іраваць іх расстаноўку, іншымі словамі, на свой густ камбінаваць значэнні і ўспрымаць ідэю адпаведна ўласнаму ўяўленню. Асобныя абрыўкі фраз і стыхійная дыфузія думак набываюць цэласнасць, зводзяцца ў адно пры дапамозе асіміляцыі, узаемаўплыву сімвалічных адзінак, “міражу фактаў”, своеасаблівай ілюзіі, што ўзнікае толькі на імгненне. Аднак калі ў С. Малармэ немагчыма адшукаць дакладнае месца пераходу, размежаваць заканчэнне папярэдняй думкі і пачатак новай, то ў вершах Л. Дранько-Майсюка такое нанізванне, своеасаблівае “кароткае замыканне” відавочнае: Над нашым пацалункам першым Плыў Дым сямейнага кастра: Не палюбоўніца – сястра! А я? А я твой брат старэйшы.

Дым не здагадваўся, што горкі, – І галаву тваю абвіў, І дзве Маслінавыя зоркі Па-над каўнерыкам лавіў. І ўбачыў я, што на Масліны Праз дым і золата слязы Ляглі калючыя сцябліны, Завязаныя на вузлы... Уласцівая ўсім чатыром паэтам здольнасць заўважаць у акаляючым свеце хараство і брыдоту адбіваецца і на стылёвым узроўні. У выніку ў іх лірыцы пастаянна прысутнічаюць выкліканыя далёкімі, нечаканымі асацыяцыямі метафары і эпітэты, пабудаваныя па прынцыпу аксюмарана (шалёны спакой, снежаньскае цяпло, хваробы золата пустое). Такія тропы пэўным чынам пашыраюць, “абнаўляюць” семантычную прастору вобраза і адначасова дазваляюць дасягнуць уласцівага лірыцы “выклятых” паэтаў эфекту ўскладненасці, “цьмянасці” мастацкага тэксту.

Як вядома, мэтаскіраванае стварэнне іншай, прынцыпова адрознай ад ранейшых літаратурных канонаў, паэтычнай мовы было неад’емнай часткай сімвалісцкага спосабу адлюстравання рэчаіснасці. На прыкладзе творчых пошукаў рускіх сімвалістаў А. Клінг прыходзіць да высновы, што “...навацыі часта мелі знешні характар. Недахоп навізны кампенсаваўся мноствам экзатызмаў... У іншых выпадках звычайныя словы ставіліся ў нязвыклы кантэкст. Гэта і было адным са спосабаў абнаўлення паэтычнага слоўніка, што дазваляла яго ўспрымаць як незвычайны”. Ужыванне сучасным аўтарам слоў у нязвыклым кантэксце – асноўны мастацкі прыём, які дазваляе дасягнуць наўмыснай адмысловасці, нязбітасці, пазнавальнасці яго паэтычнай манеры.

Знешне эклектычныя словазлучэнні, пры першасным прачытанні ўспрымаючыся дэкаратыўнымі аздобамі (акварэльная скруха, вераб’іная галгофа, вінаградны воск кахання, шампанскі далягляд), насамрэч даволі часта з’яўляюцца матывавана апраўданымі. Працэс стварэння нечакана-парадаксальных метафарычных адзінак у інтымнай лірыцы Л. Дранько-Майсюка падпарадкаваны некалькім прынцыпам. Найперш – выкарыстанню ў паэтычнай мове так званых Празаізмаў (неба агарод сферычны, гастраномная раніца, анёл таршэрнай цемнаты), Прафесіяналізмаў і разнастайных навуковых тэрмінаў (перыкардная пустата цярпення, алькоў свядомасці, эндагамія трывожных думак), а таксама літаральнага Зрашчэння ў адно слова-аказіяналізм, як правіла, эпітэт, пераважна Лагічна звязаных лексем (тысячакрыкі тэатр гандлю, мяккадывановы наплыў сонца, жэтэмная галубка). Пры гэтым адэкватнасць некаторых індывідуальна-аўтарскіх тропаў Л. Дранько-Майсюка і французскіх паэтаў наводзіць на думку аб іх прамым запазычванні, свядомым перайманні сучасным мастаком слова. Параўнаем мастацкі вобраз лилейных рук у П. Верлена і лілейнага ценю ў Л. Дранько-Майсюка або яго астральны одум і сінядымную вежу з астральным молчаньем і розовослезной звездой ў А. Рэмбо. Зразумела, што прыведзеныя паэтычныя копіі носяць прыватны характар.

З іншага боку, падкрэсленая цяга беларускага аўтара да вучнёўства дазваляе разглядаць падобныя супадзенні як прыхаваныя рэмінісцэнцыі – адсылкі да вопыту “выклятых” паэтаў, прызначаныя асацыятыўна ўзбагаціць канкрэтны вобраз шляхам пашырэння кантэксту. Мэце стварэння прыгожай “вопраткі” для лірычна-эмацыянальнай думкі падпарадкавана і перанасычанасць любоўных вершаў сучаснага пісьменніка экзатызмамі (інталія папроку, малопійны агонь, стан атараксіі, калафонская смала). Прычым творца, відавочна, не разлічвае на лагічнае ці інтуітыўнае спасціжэнне такіх метафар.

Яго цікавіць найперш ірацыянальнасць, незразумеласць сэнсу, спалучаная з эфектнасцю, вытанчанай элегантнасцю гукавога складу, – магічная энергія слова. Названыя адметнасці разам з “пышнасцю”, квяцістасцю тропаў дазваляюць вызначыць паэтычную манеру Л. Дранько-Майсюка як “мадэрнісцкае барока” (У. Конан).


Смотрите также:




Категории: Материалы по английскому

Комментарии: 0

Комментарии закрыты.