Помощь школьнику

Міфалагічныя матывы ў беларускай паэзіі мяжы тысячагоддзяў

Міфалагічнае светаадчуванне нашых продкаў грунтавалася на непасрэднай наіўнасці, веры ў адухоўленасць сусвету, гарманічным суіснаванні ў ім жывога і нежывога пачаткаў, амбівалентнасці, магчымасці пераўтварэнняў. Цікавасць да язычніцкай свядомасці, асэнсавання вытокаў духоўнай культуры беларусаў звязваецца найперш з творчасцю сучасных неарамантыкаў, хаця ў апошнія дзесяцігоддзі фальклорна-міфалагічныя матывы паслядоўна ўжываюцца творцамі самых розных мастацка-эстэтычных арыентацый: Р. Барадуліным, Я. Сіпаковым, А. Разанавым, А. Мінкіным, А. Сысам, В. Шніпам, А. Дэбішам, М. Скоблам і інш. Пры гэтым кожны з паэтаў кіруецца адметнай матывацыяй і, адпаведна, прынцыпамі паэтычнага ўвасаблення згаданых матываў ва ўласнай вершатворчасці. Так, з’яўленне нізкі міфалагічнага характару ў паэзіі А. Глобуса (вершы “Кветка”, “Варона”, “Валун”, “Нараджэнне” і інш. ) крытыкі адзінадушна і небеспадстаўна абвясцілі данінай модзе, бо сэнсава-сімвалічны поліфанізм у ёй звужаецца да дэкаратыўнай функцыі. У паэзіі А. Разанава, адпаведна асаблівасцям мастацкага светаўспрымання аўтара, міфалагізм выступае катэгорыяй філасофскай, праз яго глыбока асэнсоўваюцца сутнасныя анталагічныя праблемы. Спектр прыёмаў у творах падобнага характару (“Гліна”, “Змеі”, “Танец з вужакамі”, “Відушчы камень” і інш. ), паводле А. Бельскага, уключае “сэнсаўтваральныя архетыпы, міфалагемы, міфалагічныя антыноміі” і інш. Выкарыстанне народнай міфалогіі ў рамантычнай паэзіі А. Мінкіна (кнігі “Сурма”, 1985; “Расколіна”, 1991) найперш падпарадкавана адлюстраванню праблем сучаснасці. Міфалагемы ў творчасці аўтара, як правіла, утрымліваюць адкрыты ці прыхаваны алегарычны сэнс.

Так, у вершы “Вадзянік” праз міфапаэтычныя вобразы раскрываюцца экалагічныя праблемы, супрацьпастаўляецца натуральная, першародная чысціня прыроднага свету і яго катастрафічны стан сёння: А зараз няма таго смаку ў вадзе, І рэчка змялела, і гай парадзеў, Засыпаў бульдозер лагчыны, раўкі, Абрынуўся бераг высокі ракі, І дзеўкі-русалкі ад бруднай вады Даўно паўцякалі, сплылі хто-куды. Сярод шматлікіх вобразаў беларускай міфалогіі (дамавік, агнявік, пугач, хохлік, Белабог і інш. ) цэнтральнае месца ў паэзіі А. Мінкіна займае апошні (верш “Пасланец Белабога”, паэма “Апошняе казанне Белабога”), які ўвасабляе сабой светлы пачатак, увасабленне дабра, і непасрэдным чынам звязваецца з нацыянальна-адраджэнскімі праблемамі. Засяляючы свой мастацкі свет язычніцкімі істотамі, паэт імкнецца стварыць і ўласнааўтарскую (містыфікавана міфалагічную) прастору.

Гэта краіна Нівеч, якая выразна адлюстроўвае трагізм светаадчування аўтара, бо, па словах В. Шынкарэнка, яна “кожнаму абяцае супакаенне і бясследна паглынае ўсё”. Калі ў творчасці А. Мінкіна заўважаецца выразная арыентацыя на традыцыі М. Багдановіча, то лірыка А. Сыса (зборнікі “Агмень”, 1988; “Пан Лес”, 1989) відавочна стваралася пад уплывам ранняга Купалы. Як і ў А. Мінкіна, у паэта заўважаеца цесная знітаванасць міфалагічнага і нацыянальна-патрыятычнага пачатку з публіцыстычнай дамінантай яго выяўлення, што падкрэслівае рамантычна-бунтарскую скіраванасць вершатворчасці А. Сыса. Асаблівасцю лірыкі аўтара з’яўляецца і спалучэнне элементаў язычніцкай і хрысціянскай веры ў прасторавым полі аднаго верша, а таксама схільнасць да стварэння ўласных міфалагем. Названыя адметнасці яскрава ўвасоблены ў вершы А. Сыса “Бажавоўк”: І ўратаваны, з неба Дух Зноў сыдзе чалавекам, Зноў будзе жыць сярод падлюг Ды іх марыянетак. Ён бажавоўкам праслыве, Прыблудным патарочам, Ніхто яго не праміне, Не плюнуць каб у вочы.

Нельга не адзначыць і і прытчавасць вершаў з міфалагічнымі матывамі А. Сыса. Пры гэтым лірычны герой здольны да пераўтварэння ў іншыя істоты і нематэрыяльныя існасці (“Воўк”, “Вужака”, “Вяпрук” і інш.). Такім чынам, зварот сучасных паэтаў да нацыянальнай міфалогіі дэтэрмінаваны пошукам асноў беларускай духоўнасці, імкненнем да спасціжэння сутнасных асноў быцця і шляхоў да адраджэння-выратавання нацыі.


Смотрите также:




Категории: Материалы по английскому

Комментарии: 0

Комментарии закрыты.