Помощь школьнику

Лірыка як адзін з асноўных родаў літаратуры

Лірыка (ад грэч. lyra – муз. інструмент або lyricos – той, хто спявае) – род мастацкай літаратуры, у якім рэчаіснасць адлюстроўваецца праз суб’ектыўнае выяўленне пачуццяў чалавека. Прадметам увагі ў лірыцы выступае ўнутраны свет асобы, яе духоўнае жыццё, думкі і ідэі, выкліканыя рознымі падзеямі. Пры гэтым перажыванне ў мастацкім творы не мае статычнага характару, яно выяўляецца працэсуальна. Іншымі словамі, калі ў эпасе галоўнае – сюжэтнасць, развіццё падзей, то ў лірыцы акцэнт робіцца на дынаміцы пачуцця.

Нярэдка знешнія з’явы, што выступаюць штуршком да напісання лірычнага твора, нязначныя, але яны, выклікаючы мноства асацыяцый, становяцца прадметам паэтычнай рэфлексіі. У гэтым сэнсе для спецыяліста-літаратара важным момантам даследавання лірычнага верша выступае вывучэнне гісторыі яго стварэння. Пачуцці, заключаныя ў лірычным творы (замілаванасць пейзажам, гонар за радзіму, каханне і інш. ), датычацца не толькі аднаго паэта, але і характэрныя, тыповыя для шырокага кола асоб.

Адсюль вынікае, што побач з суб’ектыўным пачаткам лірыка нясе ў сабе аб’ектыўныя ўяўленні аб свеце. Слова “лірыка” часам ўжываецца як сінонім тэрміна “паэзія”. Сапраўды, часцей за ўсё лірычнае перажыванне перадаецца ў вершаванай форме, аднак можа быць адлюстравана і ў прозе (жанры лірычнага эсэ, імпрэсіі, абразка і інш. ). Як бачым, лірычныя вершы з’яўляюцца сферай перасячэння згаданых паняццяў. Важная прыкмета лірыкі – Экспрэсіўнасць. Мова лірычнага твора вызначаецца павышанай эмацыянальнасцю, набліжаецца да жывой, усхваляванай мовы чалавека.

Пры гэтым лірычны верш адрозніваецца ўнутраным адзінствам. Перабой розных псіхалагічных станаў у ім недапушчальны. Патрабаванне адной танальнасці, аднаго настрою вымагае лаканізму формы. Як правіла, вялікіх па памеры лірычных твораў не бывае, хаця ў практыцы сусветнага вершапісання сустракаецца жанр лірычнай паэмы: напрыклад, паэма “Яна і я” Я. Купалы, “Патрыятычная песня” П. Панчанкі, “Паэма без героя” Г. Ахматавай і інш. Лірычная экспрэсія ўплывае і на падбор слоў, і на сінтаксічныя канструкцыі, і на фанетыка-рытмічную пабудову тэксту. Вялікую ролю адыгрывае ў лірычнай паэзіі рытм.

Ён надае твору музычнасць і з’яўляецца сам па сабе змястоўным. Найбольшае эмацыянальнае ўздзеянне на чытача аказваюць лірычныя творы, дзе асноўнай ідэі, псіхалагічнаму стану, заключанаму ў вершы, падпарадкоўваецца яго рытмічная арганізацыя. Скажам, элегічны, сумны настрой выразней перадаюць радкі, напісаныя трохскладовым метрам (дактылем, амфібрахіем, анапестам), хуткасць, дынамізм – двухскладовым (харэем, ямбам) у спалучэнні з невялікай колькасцю стоп. Парушэнне гэтага прынцыпу часта адмоўна адбіваецца на адпаведнасці, правільнасці ўспрымання чытачом зместу твора.

Да прыкладу, верш Л. Дранько-Майсюка “Жыццё Сцяпана Гаўрусёва... ” прысвечаны трагічнай тэматыцы, памяці пісьменніка, але напісаны бойкім чатырохтопным ямбам. Жыццё Сцяпана Гаўрусёва Вадой Дняпра і родным словам Было прасвечана да дна. Часта лагічная ўпарадкаванасць выказванняў адыходзіць на перыферыю, саступае алагічным, хаатычным фразам.

У большай ступені такая адметнасць уласціва паэзіі ХХ ст., а падмурак падобнага спосабу выражэння лірычнай думкі быў закладзены сімвалістамі. У беларускай практыцы вершапісання падобныя прыёмы пачалі культывавацца адносна нядаўна і дагэтуль спарадычна, таму яны трывала звязваюцца з авангардным накірункам. У другой палове мінулага стагоддзя М. Танк, арыентуючыся на набыткі заходнееўрапейскага мастацтва слова, пачаў выкарыстоўваць элементы мадэрнісцкага стылю ў сваіх верлібрах. Магчыма, толькі ў беларускай паэзіі Беласточчыны разбурэнне традыцыйнага сінтаксісу, адсутнасць ці нерэгулярнасць рыфмы, асацыятыўная ланцуговасць успрымаюцца звыклымі, што абумоўлена геаграфічным становішчам рэгіёна і асаблівасцямі моўна-культурнай сітуацыі.

Аднак форма лірычнага твора не мае самадастатковага значэння. Сіла эмацыянальнага ўздзеяння верша вызначаецца перш за ўсё яго зместам. Менавіта ў ім спрэсаваны чалавечыя думкі і пачуцці. Эспрэсіўнасць спрыяе і другой неад’емнай адметнасці лірыкі – Сугестыўнасці, пад чым разумеецца максімальная ўнушальнасць, заражальная сіла твора. У эпасе і драме можна прымаць або не прымаць героя і яго погляды, іранізаваць ці спачуваць яму, г. зн. успрыняцце твора адбываецца з пэўнай дыстанцыі.

Цалкам жа ўспрыняць лірычны твор – гэта адчуць настрой паэта, пранікнуцца думкамі аўтара, перажыць яго пачуцці як асабістыя. У гэтым і ёсць абаяльнасць лірыкі і адначасова складанасць яе разумення. Наяўнасць Лірычнага героя – адна з адметных рыс лірыкі.

Тэрмін гэты ўведзены Ю. Тынянавым у артыкуле “Блок” (1921) і ўжываецца ў сучасным літаратуразнаўстве побач з сінанімічнымі найменнямі “лірычнае “я”, “лірычны суб’ект” і “лірычны персанаж”. Лірычны герой – гэта носьбіт перажывання. Часцей за ўсё яго вобраз вымалёўваецца паступова, раскрываючы асобныя рысы, не з аднаго, а з шэрагу (цыкла) вершаў або нават творчасці ў цэлым.

Лірычны герой цесна звязаны са светаадчуваннем, рэфлексіяй паэта над уласным духоўна-біяграфічным вопытам. Даволі часта яго немагчыма адрозніць ад асобы эмпірычнага аўтара. Лірыка, дзе лірычны суб’ект максімальна набліжаны да асобы творцы, атрымала назву Аўтапсіхалагічная. Скажам, вершы М. Багдановіча “Я бальны, бескрыдлаты паэт... ”, “Цемнавокая пані, канец!.. ” відавочна адлюстроўваюць біяграфічныя рэаліі і перажыванні самога пісьменніка.

Першы выяўляе смутак паэта, звязаны з прадчуваннем блізкай смерці, другі, прысвечаны Г. Какуевай, напісаны з нагоды яе замужжа. Аднак лірычнае перажыванне не тоеснае пачуццям паэта як біяграфічнай асобы. Аўтар можа адлюстроўваць сітуацыі, якія ў рэальным жыцці не перажываў, г. зн. звяртацца да творчай фантазіі, дапускаць мастацкі вымысел. У некаторых выпадках, асабліва ў грамадзянскай або любоўнай лірыцы, пісьменнік, свядома надзяляючы лірычнага героя тымі ці іншымі якасцямі, уплывае на ўспрыняцце ўласнага вобраза, стварае сабе жаданы імідж, бо большасць філалагічна непадрыхтаваных чытачоў схільна праецыраваць думкі і ўчынкі героя на асобу паэта. Таму нельга просталінейна атаясамліваць эмпірычнага аўтара са створаным ім вобразам. Лірычны герой – гэта вобраз, што, як і ўсе літаратурныя вобразы, з’яўляецца абагульненым, тыпізаваным.

Такім чынам, лірычныя перажыванні могуць належаць як самому паэту, так і асобам, зусім да яго не падобным (гэта і адмоўныя героі, персанажы іншага полу, нябожчыкі, рэчы і г. д.) Лірыку, дзе перадаюцца пачуцці асобы, адрознай ад аўтара, называюць Ролевай. Прыкладам ролевай лірыкі з’яўляецца верш Я. Купалы “Я – калгасніца... ”, дзе пісьменнік выяўляе свае пачуцці ад імя жанчыны: Я – калгасніца Маладая. Жыву весела, Ані дбаю.

Стан чалавечай свядомасці ўвасабляецца ў лірыцы рознымі спосабамі. Верш можа ўяўляць сабой спавядальны маналог, даносіць думкі непасрэдна, прама, а можа перадаваць пачуцці ўскосна, праз адлюстраванне сітуацый, з’яў, рэчаў, якія выклікалі гэтыя перажыванні. Калі ў цэнтры такога твора – дэскрыпцыя знешняй рэальнасці, то ён належыць да Апісальнай Лірыкі. Даволі часта апісальным спосабам выяўлення сваіх пачуццяў паэты карыстаюцца ў пейзажных вершах, хаця праз дэскрыпцыю могуць перадавацца і перажыванні, звязаныя з каханнем, і маральна-этычныя праблемы. У іншых выпадках верш можа мець зачаткі сюжэта, г. зн. уключаць шырокі паказ з’яў і падзей, што спрычыніліся, стымулявалі ўзнікненне твора. Такая разнавіднасць лірыкі атрымала назву Апавядальная. Да прыкладу, “Алеся”, “Мая жонка”, “Лён”, “Выпраўляла маці сына...

” Я. Купалы з’яўляюцца тыповымі ўзорамі такога спосабу данясення галоўнай ідэі. Аднак канкрэтнасць, падзейнасць маюць тут другаснае значэнне, а галоўнае адводзіцца “вобразу-перажыванню”. Часам ускоснае выяўленне перажыванняў можа сустракацца ў вершах-кантамінацыях, дзе спалучаюцца элементы апісальнай і апавядальнай лірыкі: Па арэшніку звонкі смех.

Едзем двое ў лес зімовы. Толькі падае ціха снег, Снег блакітны І снег ружовы. Сёння гэткі дзівосны дзень! Лес кашлаты да неба вырас. Толькі песня згубілася дзе? Дзе падзеўся духмяны верас?

Час ад часу губляем след І маўчым. Ды навошта Словы, Калі падае ціха снег, Снег блакітны І снег ружовы. (“Двое” Я. Янішчыц) Амаль у кожным лірычным творы ёсць медытатыўны пачатак, псіхалагічна напружаны роздум. У апісальнай лірыцы медытацыя заключана ў падтэксце. Па гэтай прычыне лірычны род не сумяшчаецца з нейтральным тонам выказвання, як, скажам, многія эпічныя творы.


Смотрите также:




Категории: Материалы по английскому

Комментарии: 0

Комментарии закрыты.