Помощь школьнику

Кампаратывістыка як адметная галіна літаратуразнаўства

Папулярны ў апошнія дзесяцігоддзі разгляд нацыянальных літаратур у кантэксце сусветнай дазваляе пазбегнуць ізаляванасці, аднабаковасці ў ацэнках сучаснага айчыннага прыгожага пісьменства, сцвярджае высокі ўзровень яго развіцця і лучнасць з літаратурамі свету. Высвятленнем сувязей паміж рознымі культурнымі прасторамі займаецца адметная галіна літаратуразнаўства – кампаратывістыка (параўнальнае літаратуразнаўства). Кампаратывістыку трэба разумець і як метадычную дзейнасць, накіраваную на супастаўленне літаратуры з іншымі выяўленчымі формамі і галінамі ведаў – жывапісам, музыкай, філасофіяй, гісторыяй і інш. – (калі разглядаць паняцце ў шырокім сэнсе), а таксама на супастаўленне літаратурных з’яў – блізкіх і далёкіх у часе, якія належаць адной традыцыі і розным культурным прасторым – (у вузкім сэнсе). Складанасць у авалодванні вышэйназванай навукай і ў тым, што кампаратывіст павінен валодаць пэўным наборам неабходных якасцей, сярод якіх – пасіўнае, а па магчымасці, актыўнае валоданне больш як адной замежнай мовай.

Адпаведна ў краінах, дзе родная мова нацыі дублюецца мовай міжнароднай культуры, да якіх належыць і Беларусь, ва ўмовах прыроджанага двухмоўя (білінгвізму), з’яўляюцца дадатковыя магчымасці для кампаратывісцкай дзейнасці. Параўнальнае літаратуразнаўства ўзнікла ў пачатку ХІХ ст. у Францыі, калі сталі актыўна пашырацца навуковыя тэорыі, заснаваныя на ідэалагічным і сацыяльным касмапалітызме. На працягу пазамінулага стагоддзя кампаратывістыку жывілі гуманістычныя ілюзіі пра братняе збліжэнне народаў.

Ля вытокаў развіцця гэтай навукі стаялі Дзю Бэле, Франсуа Наэль, Абэль Вільмэн, Жан-Жак Ампер, Вілем дэ Клерк, Аляксандр Весялоўскі. Свайго росквіту кампаратывістыка дасягае ў другой палове ХХ ст., што абумоўлена пашырэннем камунікатыўных магчымасцей чалавецтва (развіццё авіяцыі, гуказапісу, вынаходніцтва тэлефона, інтэрнета і г. д.). На сучасным этапе аформіліся дзве школы параўнальнага літаратуразнаўства – французская (П. Брунэль, К. Пішуа, А.-М. Русо і інш. ) і амерыканская (Р. Уэллек, О. Уоррен і інш. ), уяўленні якіх разыходзяцца па многіх прынцыповых пытаннях. Даследаванне аналогій у розных літаратурах, вызначэнне падабенстваў і адрозненняў – яшчэ не параўнальнае літаратуразнаўства, а толькі яго падрыхтоўчы этап. Шляхам параўнання з іншымі культурамі сцвярджаюцца агульныя заканамернасці творчай эвалюцыі пісьменніка, развіцця канкрэтнай літаратуры і, як вынік, сусветнага вербальнага мастацтва. Яшчэ Буфон казаў: “Калі б не існавала жывёлаў, то і чалавека мы б ведалі значна горш”. Дарэчы, параўнальная анатомія, фізіялогія, эмбрыялогія ўзніклі значна раней, у ХVІІ ст. Іншымі словамі, параўнанню ў кампаратывістыцы адводзіццца эўрыстычная роля.

Вывучэнне каўзуальнай (прычынна-выніковай) сувязі паміж вытокам і ўплывам, іх узаемадзеяння, выяўленне заканамернасцей традыцыі дазваляе вызначыць арыгінальны ўнёсак кожнай нацыянальнай літаратуры ў сусветную скарбонку. Пры гэтым важным становіцца не толькі высвятленне аналогій, але і абавязковае падкрэсліванне самабытнага нацыянальнага і індывідуальнага пачаткаў. Кампаратывісты імкнуцца пазнаёміць сваіх суродзічаў са здабыткамі іншых культур і адрадзіць дзякуючы гэтаму ўласную літаратуру, таму Нацыянальны элемент – неад’емная частка кампаратывістыкі. Зразумела, што чытаць літаратуру на мове арыгіналу – найкарацейшы і найдакладнейшы шлях да яе вывучэння. Аднак большая частка насельніцтва блага ведае замежныя мовы.

Таму асноўным сродкам азнаямлення з шэдэўрамі сусветнай літаратуры застаюцца пераклады. Вывучэнне міжнародных літаратурных сувязей ажыццяўляецца прагрэсіўнымі пісьменнікамі шляхам Перакладу твораў. Такіх пісьменнікаў Поль Ван Тыгем назваў “пасярэднікамі”, якія дзейнічаюць паміж вытворцам-адпраўляльнікам і спажыўцом-атрымальнікам. Найбольшую дакладнасць гарантуюць пераклады, зробленыя непасрэдна з арыгіналу, хаця іх таксама нельга назваць тоеснымі аўтэнтычнаму варыянту.

Да прыкладу, параўнаем розныя пераклады вядомай “Майскай песні” Ё. В.Гётэ: Как все ликует, Які ўрачысты Поет и звенит! Прастор наўкруг! В цвету долина, Зіхоча сонца!

В огне зенит! Смяецца луг! Трепещет каждый З галінкі кожнай – На ветке лист, Пялёсткаў цуд Не молкнет в рощах І стогалосы Веселый свист. Птушыны гуд, Как эту радость Пяшчота, радасць В груди вместить! – З усіх грудзей.

Смотреть! и слушать! О свет, о сонца! Дышать! и жить! О ўзлёт надзей!

Любовь, роскошен О дарагая! Твой щедрый пир! Бы залаты Твое творенье – Світальны воблак Безмерный мир! Чаруеш ты! (пер. А. Глобы) (пер. А. Лойкі) Майстэрства і талент перакладчыка тут адыгрывае вялікую ролю. Наколькі важнае месца належыць пісьменніку-“пасярэдніку”, можна зразумець з таго факта, што доўгі час французы бачылі ў асобе Шэкспіра проста дзівака, а паэзію Пушкіна яшчэ нядаўна лічылі дарэмным крэмзаннем паперы. Прычынай такога стаўлення да творчасці класікаў была невысокая якасць перакладаў іх твораў. Здараецца і так, што арыгінальны шэдэўр робіцца не менш выдатным творам на мове перакладу.

У гэтым выпадку ў свеце пачынаюць існаваць два шэдэўры. Да прыкладу, такімі можна лічыць п’есы Шэкспіра, перакладзеныя Шлегелем. Таму пільнай увагі пры даследаванні пераўвасобленага на іншую мову твора патрабуе вывучэнне асобы перакладчыка.

Пераклады, мова якіх цалкам падпарадкавала сабе мову аўтэнтычных твораў, атрымалі назву “прыгожыя неадпаведнікі”. Гісторыя сведчыць, што многія значныя творы па розных прычынах выдаваліся аўтарамі за межамі сваёй радзімы. У гэтым сэнсе неабходна адзначыць, што нацыянальная прыналежнасць пісьменніка не заўсёды супадае з мовай яго твораў. Прыкладам можа служыць творчасць А. Міцкевіча, У. Набокава і інш. Многія класікі таксама спрабавалі свае сілы на іншых, не родных, мовах. Так, Вальтэр напісаў шэраг твораў на англійскай мове, Рыльке у свой час спрабаваў адшукаць французскую музу. Цікавыя і факты двух-, трохмоўнай творчасці, што гістарычна суправаджала развіццё беларускага мастацтва слова.

Важнае месца ў даследаванні параўнальнага літаратуразнаўства належыць і Адаптацыям – пераўвасабленню эпічных ці ліра-эпічных твораў для тэатра, кіно, тэлебачання. Ім уласцівы падобныя да перакладаў адметнасці і ўмовы даследавання. Да таго ж кампаратывіст павінен звярнуць увагу на элементы фантазіі і домыслу, і пачуццё меры ў іх выкарыстанні. Асноўным прадметам даследавання кампаратывістыкі з’яўляюцца аналагічныя феномены: уплыў, выток, наследаванне, плагіят, супадзенне, традыцыі, тыпалагічная блізкасць. Уплыў – тонкі механізм, праз які твор спрычыняецца да ўзнікнення іншага твора. Гэта тэрмін з шырокай семантыкай.

Паводле даследчыкаў Амерыканскай школы, уплыў можа ўключаць у сябе адрозныя паняцці: свядомае наследаванне і падсвядомае перажыванне калісьці прачытаных радкоў, пазычанне найдрабнейшых дэталей і прымітыўную імітацыю, простую выпадковасць і духоўнае падабенства аўтараў. Дж. Эліёт лічыць мэтазгодным прымяняць у гэтым сэнсе паняцце “стымул” ад захаплення творчасцю іншага пісьменніка, і яшчэ ў большай ступені ад “адчування магутнага падабенства ці, хутчэй, ад адмысловай асабістай блізкасці з іншым пісьменнікам”. Знаёмства з творчасцю таго ці іншага аўтара можа выклікаць пачуццё, якое раптоўна, нібы маланка, працінае чалавека або прыходзіць да яго паступова, пасля доўгага і ўважлівага знаёмства з мастацкімі набыткамі пісьменніка.

Тым не менш “стымул” для маладога літаратара нясе пазітыўны сэнс, бо пераўтварае яго “з носьбіта простага спалучэння пазычаных пачуццяў у сапраўдную асобу”. Трэба сказаць, што літаратурныя аўтарытэты ўплываюць не толькі на пачаткоўцаў. У любым узросце і на кожным этапе творчага развіцця пісьменнік можа адкрыць нешта новае для сябе праз далучэнне да набыткаў сусветнай культуры.

Французскія кампаратывісты звязваюць з паняццем уплыву толькі кантактныя адносіны, лічачы знешняе супадзенне і тыпалагічную блізкасць прадметам даследавання агульнага літаратуразнаўства. Пошукі ўплываў прадугледжваюць напрамак дзейнасці ад вытворцы да спажыўца, а ў выяўленні творчых Вытокаў вектар даследавання скіроўваецца ў адваротны бок, што патрабуе ад кампаратывіста яшчэ большай пільнасці, інтуіцыі і крытычнай праніклівасці. Сукупнасць вытокаў вызначае літаратурную генеалогію таго ці іншага пісьменніка. Скажам, творчы генезіс беларускай паэткі Л. Рублеўскай звязваецца з цэлым колам яе літаратурных настаўнікаў, сярод якіх важнае месца займаюць У. Караткевіч, О’Генры, Карэл Чапек, Джон Кольер, Аляксандр Грын, Эдгар По, Адольф Бекер і інш.


Смотрите также:




Категории: Материалы по английскому

Комментарии: 0

Комментарии закрыты.