Помощь школьнику

Інтэлектуальна-філасофская паэзія А. Разанава

А. Разанаў – самы яскравы прадстаўнік інтэлектуальна-філасофскай плыні сучаснай беларускай паэзіі, у якой мастацкае бачанне свету арганічна паяднана з яго навукова-філасофскім разуменнем. За 34 гады творчай працы выйшла дзесяць кніг: “Адраджэнне” (1970), “Назаўжды” (1974), “Каардынаты быцця” (1976), “Шлях – 360” (1981), “Вастрыё стралы” (1988), “У горадзе валадарыць Рагвалод” (1992), “Паляванне ў райскай даліне” (1995), “Рэчаіснасць” (1998), кніга выбранага “Танец з вужакамі” (1999), кніга паэм “Гліна. Жалеза. Камень” (2000). Пачынаў А. Разанаў як традыцыяналіст, прынамсі, у галіне формы, аднак арыгінальнасць яго філасофскага мыслення нават у ранні перыяд вылучалася на фоне беларускай медытатыўнай традыцыі (Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, А. Куляшова, М. Танка, М. Стральцова), хаця шмат увабрала ў сябе і ад яе. Не менш паўплывалі на станаўленне маладога паэта здабыткі заходнееўрапейскага авангарду і ўсходняй філасофіі.

Яго вершы не маюць нічога агульнага са станам філасофскай засяроджанасці, сузірання. А. Разанава цікавіць пошук, рух, аналіз той ці іншай з’явы. Пры гэтым калі ў першых зборніках вектар пошуку быў скіраваны ўглыб уласнай асобы, і такім чынам аўтар імкнуўся пазнаць свет, то ў пазнейшы перыяд дослед арыентаваны на сусвет, праз які пазнае сябе суб’ект. Дарэчы, лірычны герой у многіх творах настолькі пазбаўлены канкрэтных рыс, што часам у крытыцы вядзуцца размовы пра яго адсутнасць. Пошук аўтарам новых рэальнасцей прыводзіць да ўскладнення паэтычнай мовы твораў, а незвычайнасць ідэйна-зместавай напоўненасці вершаў, не ўкладаючыся ў межы традыцыйных фармальна-структурных адзінак, вымагае стварэння арыгінальнай жанравай сістэмы.

Плённасць вынайдзеных паэтам форм (версэтаў, вершаказаў, квантэм, пункціраў, зномаў) пацвярджаецца іх запатрабаванасцю многімі сучаснымі творцамі (У. Арловым, А. Мінкіным, В. Дранчуком, Хв. Кашкурэвічам, І. Бабковым, В. Слінко і інш. ). Версэты – блізкія да прытчаў вершы, дзе перавага аддаецца быційнаму, сутнаснаму, а ўмоўнасць спалучаецца з рэальнасцю. Рытміка і рыфмоўка такіх твораў свабодная, раскаваная. Па сваёй будове яны складаюцца з некалькіх афарыстычных перыядаў, што знешне нагадваюць строфы верша і ўяўляюць сабой групу сказаў, у кожную з якіх закладзена пэўная адносна самастойная ідэя. Час і прастора ў такіх творах прысутнічаюць у дэфармаваным выглядзе – як прастора Ўсёбыцця і час Знікнення, пераўтварэння, азарэння. Ні змрок, ні святло.

Ні ўчора, ні сёння. Не ведаюць дрэвы, ці ім зеля- нець далей, ці скідаць лістоту. Не разумеюць вароны, ці ім куды адлятаць, ці сядзець на дрэвах. Суседзі сабраліся пераязджаць, ды раптам адумаліся і заносяць рэчы назад – у старую кватэру. Усе – перашкода ўсім. Словы не маюць, куды казацца.

Цені, што падалі ад людзей, супадаюць з людзьмі. На рэчаіснасці пляма. (“Рэчаіснасць”) Адыход ад рэалій сучаснасці ідзе ў версэце не па прамой, а па парабале, якая вяртае думку зноў да сучаснасці. Як і прытчы, версэты пазбаўлены апісальнасці мастацкай прозы: прырода і рэчы нагадваюцца толькі па неабходнасці, дзеянне адбываецца быццам без дэкарацый, а дзеючыя асобы не маюць ні знешніх рыс, ні характару. І прытчы, і версэты з’яўляюцца творамі дыдактычна-алегарычнага жанру, хоць і істотна адрозніваюцца паміж сабой.

Па-першае, версэты існуюць самастойна, без сувязі з кантэкстам. Па-другое, апавяданне ў большасці версэтаў ідзе ад першай асобы, не тоеснай асобе лірычнага “я” ў звыклым сэнсе. Гэта дазваляе аўтару мадэляваць паэтычную сітуацыю такім чынам, што рэальнасць і ўмоўнасць становяцца непадзельнымі. Рака разлілася і падплыла да самых падворкаў, і рыба, якая раней не хацела лавіцца ні ў якія хітрыя сеткі, цяпер сама давалася ў рукі. Нутром адчуваючы, што насампраўдзе так не павіна быць, што гэта нейкае ашуканства, людзі ў кашы, у мяшкі, у начоўкі паспешліва набіралі ахвотнай, быццам сп’янелай, рыбы, што не знаходзіла месца сабе ў вадзе.

І сам я, выпхнуты з чыстых глыбокіх віроў на паверхню, курчуся разам з астатнімі рыбінамі ў пакутах, усёй сваёй безгалосай істотай крычучы: “Людзі, глядзіце, глядзіце, людзі, калі набліжаецца згуба, яна пасылае перад сабой цуд”. (“Цуд”) У версэце можа быць пэўны сюжэт, праўда, вельмі ўмоўны, а таксама зачаткі традыцыйнай кампазіцыі, прысутнасць асобных яе элементаў: экспазіцыі, завязкі, развіцця дзеяння, кульмінацыі, развязкі. Адной з характэрных рыс кампазіцыйнай пабудовы версэта з’яўляецца наяўнасць у ім адносна самастойнага сказа-выніку, які, аднак, нельга назваць падагульняючай маральнай высновай, якая перакрэсліла б перакананне паэта ў няпэўнасці адшукваемых ісцін. Сістэма версэта адкрытая, а сказ-вынік нясе на сабе функцыю ключа, арыенціра для далейшых разваг. Для разанаўскіх версэтаў характэрна ўжыванне так званых “мінус-прыёмаў”, што стварае знешнюю прастату тэксту пры яго зместавай ускладненасці.

Звычайныя фразы ператвараюцца аўтарам у словы з вялікай сілай эмацыянальнага ўздзеяння, якую нельга перадаць на мове лагічных паняццяў. Простыя зямныя рэчы ўспрымаюцца як абагульненыя сімвалы жыцця перш за ўсё таму, што яны падаюцца ў дынаміцы, у руху. Так, горад, які вандруе, ужо не горад, і дарога, якая рухаецца, ужо не дарога. Дынаміка версэтаў вызначаецца шматлікай колькасцю дзеясловаў, з якіх у большасці выпадкаў пачынаецца радок у перыядзе, што адпаведна цягне за сабой частае ўжыванне інверсіі; а таксама паслядоўным выкарыстаннем градацыі і разнастайных формаў сінтаксічна-інтанацыйнага паралелізму. Арыгінальны жанр версэта, што вырас са свабоднага верша, прычым з верлібра з прыкметамі тонікі, шмат у чым захаваў яго тыповыя рысы. Так, вынясенне ў пачатак радка слоў з павышанай сэнсавай нагрузкай, ужыванне сінтаксічных і лексічных анафар, падпарадкаванне рытмічнага малюнка зместу – асноўныя прыёмы разанаўскіх версэтаў.

Вершаказы – творы, паэтычныя па змесце і празаічныя па форме, хаця падзел на перыяды-строфы захоўваецца і ў гэтым жанры. Вершаказы – своеасаблівыя казанні аб жыцці рэчаў, у якіх паэт імкнецца выявіць патаемныя сэнсы слова праз услухоўванне ў яго Гукавы склад. Вершаказы маюць спецыфічны спосаб рыфмоўкі – “дамінанту”. Гэта ключавое слова (ці два слова), якому падпарадкоўваецца ўвесь вершаказ. Звычайна яно выносіцца ў назву твора і сцягвае, збірае вакол сябе ўсе астатнія словы.

Менавіта да яго аўтар адшуквае асацыяцыі шляхам пранікнення ў самыя глыбіні мовы. Гук у вершаказах адыгрывае надзвычай важную ролю. Па сутнасці, вершаказ – гэта гукаадлюстраванне той ці іншай з’явы або рэчы, а вобразы ствараюцца праз гукі і іх камбінацыі.

Хлеб святы, хлеб Вялебны, і ўсё, Што спалучана з ім, што “злеплена” з ім, Адбываецца, як абрад, як набажэнства, Як Малебен. Хлеб Хвалебны: яго шануюць і Хваляць Усе Плямёны – і Дулебы, і Вялеты, І Лахвічы... (“Хлеб”) Вершаказы, як і квантэмы, разлічаны на слыхавое ўспрыманне. Недарэмна яны лічацца самымі “філалагічнымі” творамі аўтара. Гісторыя рэчаў звернуты ў мінулае, калі чалавек мог разумець голас рэчаў, голас прыроды, з якой не выдзяляў сябе, калі слова было раўназначным свайму першароднаму, сапраўднаму сэнсу.

Чаму так ці інакш людзі назвалі рэч ці з’яву прыроды? Чаму ваду назвалі вадою, а зямлю зямлёю, а не наадварот? Чаму блізкія гукавой абалонкай словы часта маюць надта далёкія значэнні?

Ці былі назвы выпадковымі збегамі зычных, ці іх гукавыя выявы прадвызначаны звыш? Падобныя пытанні складаюць унутраны змест не толькі разанаўскіх вершаказаў, але і даўно цікавяць навуку: філолагаў, філосафаў, культуролагаў. Так, яшчэ ў 70-80-я гады ХХ ст. у філалогіі вылучылася нават асобная галіна – фонасемантыка, прадметам вывучэння якой з’яўляецца гук як сэнсаносьбіт. Значэнне надаецца не проста слову, якое само па сабе ўтварае вобраз, але і кораню, асобным гукам і іх спалучэнням, якія яго складаюць. Іншымі словамі, у вершаказах фанетыка становіцца паэтыкай. У вершаказе паэт імкнецца паэтычна асэнсаваць як мага большую колькасць слоў, што складаюцца з гукавых спалучэнняў слова-дамінанты.

Такі прыём не тоесны, аднак, звычайнай алітэрацыі, чыя задача зводзіцца найперш да слыхавога акампанементу з’яве. Праз узаемадзеянне сугучных лексічных адзінак праступае арыгінальная аўтарская філасофія, светаўспрыманне сучаснага чалавека, спасціжэнне ім глыбокай сутнасці той ці іншай рэчы. Калі здараецца Кепскае – б’ецца люстэрка ці гляк, тады ўзнікаюць АскепкіАспекты Пытання,


Смотрите также:




Категории: Материалы по английскому

Комментарии: 0

Комментарии закрыты.