Помощь школьнику

Агульная характарыстыка сучаснай беларускай філасофскай паэзіі

Існуюць дзве формы пазнання рэчаіснасці – навуковая і мастацкая. Імкненне мастакоў слова да філасофскага асэнсавання свету з’яўляецца рысай не толькі сучаснай лірыкі. Філасофія і паэзія актыўна ўзаемадзейнічалі яшчэ ў старажытныя часы. Пачынаючы з антычнасці, філасофскія трактаты мелі вершаваную форму, пазней абвяшчэнне аўтарам уласных творчых прынцыпаў ці фармуліроўка літаратурна-эстэтычнай праграмы адбывалася пры дапамозе паэтычных сродкаў выражэння (“Аб прыродзе рэчаў” Лукрэцыя, “Георгікі” Вергілія, “Паэтычнае мастацтва” Н. Буало, “Мастацтва паэзіі” П. Верлена і інш. ). У эпоху Класіцызму філасофскімі лічыліся творы, напісаныя на “важныя” тэмы: жыцця і смерці, кахання, грамадзянскага абавязку і інш. Ужо рамантыкі не толькі зрабілі філасофскую паэзію масавай, але і падалі гэтаму прынцыпу тэарэтычнае абгрунтаванне. Паскоранае развіццё навукі і тэхнікі ў другой палове ХХ ст. вылучыла на першы план асобу, ад якой сталі патрабавацца не толькі прафесійныя ўменні, але і грунтоўныя веды. Адпаведна і мастакі слова аказаліся далучанымі да навуковага патэнцыялу, што не магло не адбіцца на творах мастацтва. Паэты ўсё больш імкнуліся разгледзець асобу на фоне грамадска-гістарычнага жыцця, пранікнуць у свядомасць чалавека, спасцігнуць яго псіхалогію, асэнсаваць адцягненыя, глабальныя праблемы, што з’яўляюцца прадметам даследавання філасофскай навукі.

Філасофская паэзія мае прадметам адлюстравання феномены, з’явы, ідэі, якія цікавяць мысляроў на працягу існавання чалавецтва. Менавіта адпаведны Змест, а не толькі форма (рэфлексіі, роздуму, развагі) становіцца падставай для характарыстыкі верша як твора філасофскай лірыкі. У гэтым сэнсе неабходна адрозніваць філасафічнасць у лірыцы і філасофскую лірыку. Да прыкладу, верш “Як пакахаць Ружу” Л. Дранько-Майсюка – яскравы прыклад філасофскай лірыкі, бо каханне і звязаныя з ім феномены спасцігаюцца абагульнена, сутнасна, маштабна. Філасофскі падыход у асэнсаванні з’яў рэчаіснасці, філасафічнасць у паэзіі выразна дэманструе наступны верш Я. Чыквіна, дзе пачуццё кахання аналізуецца на мікраўзроўні, як канкрэтнае пачуццё канкрэтных людзей-герояў. Шэрая гадзіна.

Вочы ў вочы. Два анёлы ўжо без крылаў. Дзьве душы... Ах, Госпадзе памілуй! Міласьці нябеснай і тартарскай змрочы.

Бачаць усё праз вечнасьці вакно. Чуюць усё і ўсіх, бо ж не іначай. Іх жа – аніхто не бача, Двух анёлаў – смутку і яснот. Тысячы гадоў так, як адзін прасьцяг. Дзьве душы, анёлы два ў нірване Марна сузіраюць марнасьці жыцьця – Гэта я і ты ў адлюстраваньні. Неабходна зазначыць, што філасофскі падыход у асэнсаванні той ці іншай праблемы не з’яўляецца недахопам, паказчыкам мастацкай недасканаласці твора ці недастатковасці глыбіні думкі ў параўнанні з вершам філасофскай лірыкі.

Твор філасофскай лірыкі і верш, у якім назіраецца філасафічнасць адлюстравання прыватнага пытання, – гэта творы р о з н а г а зместу. У сучаснай “паэзіі думкі” ў залежнасці ад ідэйнай устаноўкі вылучаюць некалькі разнавіднасцей: уласна філасофскую, навуковую і медытатыўную лірыку. Уласна філасофская скіравана на пазнанне асноў быцця і свядомасці чалавека, спасціжэнне ісціны, агульнай ідэі. Прадметам яе ўвагі становіцца сукупнасць бінарных апазіцый: жыццё – смерць, рух – статыка, імгненне – вечнасць, дух – плоць, пустата – паражнеча, глыбіня – паверхня, цэласнасць – разасобленасць, прыгожае – пачварнае і інш. Навуковая Ў паэтычнай форме тлумачыць з’явы, цікавыя з навуковага пункта погляду (адкрыцці, гіпотэзы, тэорыі, вынаходніцтвы).

Тэрмін “навуковая паэзія” належыць французскаму пісьменніку Р. Гілю (“Трактат пра слова”, 1896). Надзвычай папулярная ў антычнай і сярэдневяковай літаратуры, навуковая паэзія доўгі час не была запатрабаванай у еўрапейскім мастацтве слова. У айчыннай лірыцы мяжы тысячагоддзяў яна зноў набывае актуальнасць гучання (творы М. Танка, А. Русецкага, А. Разанава, Г. Булыкі і інш. ) Медытатыўная асэнсоўвае заканамернасці жыцця ў суаднесенасці са свядомасцю чалавека. Гэта найбольш распаўсюджаны від лірыкі ў практыцы айчыннага вершапісання на працягу ўсёй гісторыі яго развіцця.

У адрозненне ад рускай філасофскай лірыкі, яна характарызуецца большай эмацыянальнасцю і адсутнасцю вырашэння “глабальных” праблем. Беларуская філасофская паэтычная традыцыя бярэ свае вытокі яшчэ ад С. Полацкага. Найбольш яскравымі яе прадстаўнікамі можна лічыць Я. Лучыну, М. Багдановіча, Я. Купалу, У. Дубоўку, У. Жылку, А. Куляшова, М. Танка, М. Стральцова, А. Русецкага, П. Макаля і інш. Сусветная філасофская паэзія прадстаўляе багаты традыцыйны арсенал Жанраў, у аснове якіх ляжыць глыбокі роздум, развага, рэфлексія, іншымі словамі, прыкметны рацыянальны, дыскурсіўны пачатак.

Гэта і Дума, дзе паэт разважае над нейкай сацыяльна-філасофскай праблемай, і Медытацыя, у якой магістральнае значэнне адводзіцца асэнсаванню так званых “вечных” тэм. Да жанраў лірычнай філасофскай мініяцюры належыць Афарызм, што сваімі вытокамі ўзыходзіць да навуковых і публіцыстычных твораў, Стансы з іх лаканізмам выказвання і праекцыяй абстрактных ісцін на рэальнае жыццё, Рубаі – верш класічнай ўсходняй паэзіі, які мае адметную кампазіцыю з нечаканай канцоўкай. Тым не менш некаторыя сучасныя паэты ў працэсе філасофскага спасціжэння рэчаіснасці ствараюць уласныя жанравыя сістэмы. Так, арыгінальная сістэма жанраў, вынайдзеная А. Разанавым, уключае ў сябе Версэты, вершаказы, квантэмы, зномы, пункціры. Пры гэтым першыя чатыры фармальныя адзінкі непасрэдна датычацца філасофскай лірыкі. Сістэматычнае з’яўленне вершаў філасофска-аналітычнага складу ў апошнія дзесяцігоддзі мінулага стагоддзя аформілася ў інтэлектуальна-філасофскі кірунак і ў айчынным мастацтве слова.

Сённяшнюю “паэзію думкі” характарызуюць такія адметнасці, як · “інтэлектуалізацыя эмоцый і эмацыяналізацыя інтэлекту” (В. Кузняцоў); · рух думкі ад канкрэтыкі да абстрактнага; · зместавая ўскладненасць, зашыфраванасць вобраза; · збліжэнне вобразаў з навуковымі паняццямі, тэрміналагізацыя тропаў; · ланцуговая асацыятыўнасць; · рытмічная раскаванасць, верлібрызацыя, празаізацыя; · шырокае выкарыстанне ўмоўных форм мастацкага абагульнення – прыёмаў фантастыкі, сімволікі, прытчавасці, алегорыі, гіпербалы, парабалы і інш. ; · схільнасць да мінімалізацыі сродкаў рэпрэзентацыі тэмы – так званых “мінус-прыёмаў” (Ю. Лотман); · мадэрнізацыя стылю: частковая ці поўная адсутнасць знакаў прыпынку, арыгінальнасць архітэктонікі; · мадыфікацыя ці фармальная адсутнасць вобраза лірычнага героя; · дэфармацыя хранатопу мастацкай рэальнасці. Зразумела, што згаданыя асаблівасці з’яўляюцца хутчэй тэндэнцыяй, чым правілам. Асобныя рысы ці ўвесь іх комлекс неаднолькава праступаюць у творчасці канкрэтнага пісьменніка, што дазваляе кожнаму аўтару не губляць самабытнасці і арыгінальнасці ў выяўленні свайго лірычнага “я”. Сярод мастацка-стылёвых плыней, вылучаных у сучаснай паэзіі У. Гніламёдавым, дзве непасрэдна датычацца філасофскай лірыкі, што сведчыць пра яе запатрабаванасць у сённяшнім мастацтве слова. Так, Філасофска-аналітычную плынь рэпрэзентуюць сваёй творчасцю такія аўтары, як А. Вярцінскі, Я. Сіпакоў, А. Каско, Л. Галубовіч, У. Арлоў, Н. Артымовіч і інш. Універсальна-інтэлектуальная Плынь прадстаўлена паэзіяй А. Разанава, А. Глобуса, М. Купрэева, Г. Булыка, М. Баярына, Л. Дранько-Майсюка, Я. Юхнаўца і інш. Зборнікі навуковай паэзіі “Сінтэз” (1986) і “Турмалін” (1994) Г. Булыка вызначаюцца не толькі тэматычнай навізной, але і спосабам падачы ідэі.

Аб’ектам філасофскай рэфлексіі становяцца хімічныя працэсы, фізічныя з’явы, матэматычныя паняцці. Ва ўсходнеславянскай традыцыі ўвагу хімічным працэсам надаваў у сваёй літаратурнай творчасці яшчэ М. Ламаносаў – вучоны, мысляр, пісьменнік. Ужо назвы вершаў Г. Булыка сведчаць пра арыгінальнасць выяўлення паэткай свайго крэатыўнага пачатку: “Бурштын”, “Лазурыт”, “Паралельнасць”, “Свінец”, “Золата”, “Мармур”, “Лёд”, “Камень”, “Ёд”, “Алмаз”, “Сыпучасць і цякучасць”, “Матэматычны трыпціх” і інш. Уменне бачыць у будзённых рэчах дзівосы, незвычайныя цуды, глыбіня думкі і дакладнасць, трапнасць асацыяцый, магчыма, абумоўлены першай адукацыяй аўтаркі – вучобай на хімічным факультэце БДУ.


Смотрите также:




Категории: Материалы по английскому

Комментарии: 0

Комментарии закрыты.